Як мёдам намазана. У Ляхавіцкім лясгасе нарыхтоўваюць мёд /абноўлена /

Да Мядовага Спасу грэх было не наведацца на лясгасаўскі пчальнік, каб на ўласныя вочы ўбачыць, як тут вяршыцца вытворчы эксклюзіў. Многія землякі з задавальненнем набываюць мядок менавіта “ад братоў Навумчыкаў” і сцвярджаюць, што ён стопрацэнтна натуральны і вельмі смачны.

Васілію і Івану Навумчыкам пчалярства дасталося ў спадчыну ад бацькі, які шчыраваў спачатку на калгасным, а потым на лясгасаўскім пчальніку. Цяпер гаворку можна весці пра дынастыю, калі дадаць, што сын Івана Антон вучыцца ў Смілавіцкім аграрным каледжы, які закончылі старэйшыя Навумчыкі, і таксама па пчалярскай спецыяльнасці.

Навумчыкі пра сваіх крылатых нястомных працаўніц гатовы расказваць бесперапынна: што тыя любяць, як іх даглядаць, чым парадаваць, каб атрымаць шчодры “ўраджай”. Мёд качаюць двойчы за сезон. Першы раз сёлета ўзялі 2300 кілаграмаў. Днямі пачнецца другая серыя. Вуллі (а іх у лясгасе 160) размешчаны па дзевяці лясных адрасах. На працягу сезона яны “мігрыруюць” – браты Навумчыкі ведаюць самыя меданосныя месцы. Лясны, лугавы, рапсавы – вам які даспадобы? Пчаляры ў дэталях раскажуць пра ўласцівасці кожнага віда мёду.

У доміку пчаляра на ўскрайку Вострава ўсё гатова да часу-пік: праверана мёдакачка, ёсць запас ёмістасцяў, у якія фасуюць гаючы ласунак, прадугледжаны ўсе звычайныя акалічнасці і дэталі мядовага “свяшчэннадзейства”.

Дарэчы, вуллі, рамкі і іншыя атрыбуты салодкай справы Навумчыкі робяць уласнаручна. Пчалярства для іх – і прызванне, і хобі, і, зрэшты, лад жыцця – здаровы, з любоўю да прыроды, сяброўствам з крылатымі працаўніцамі, якія, здаецца, разумеюць гэтых апантаных рупліўцаў і падпарадкоўваюцца іх раскладу. Хаця ўдакладнім, што разуменне тут узаемнае: людзі тут таксама паважаюць пчаліныя звычкі.

Калі мы гаворым “як мёдам намазана”, маем на ўвазе нешта прыемнае, запаветнае, куды вельмі цягне, чаго вельмі хочацца. А ў Навумчыкаў гэта супадае і ў прамым, і ў пераносным сэнсе – адным словам – «пчальнік».

Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.