За будучыню ў адказе кожны. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Касцюковіцкі раён, дзе азнаёміўся з развіццём паўднёва-ўсходняга рэгіёна вобласці.
Дэталёва разгледзець стан спраў у рэгіёне Кіраўнік дзяржавы паабяцаў у час нядаўніх кадравых назначэнняў. Чатыры гады таму для актывізацыі сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтых тэрыторый былі прыняты ўказ і праграма, накіраваныя на стварэнне спрыяльных умоў пражывання насельніцтва.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім патрабаванні: людзі павінны быць упэўнены ў заўтрашнім дні, мець работу, дастойную заработную плату і камфортныя ўмовы для пражывання.

Рабочую паездку Прэзідэнт пачаў з пытанняў мясцовым кіраўнікам аб ходзе ўборачнай кампаніі – самая гарачая тэма, якая не першы дзень на кантролі Кіраўніка дзяржавы. У цэнтры ўвагі – уборка збожжавых, нарыхтоўка кармоў, сяўба азімых, а таксама ў цэлым пытанне выканання аграрыямі тэхналагічнай дысцыпліны. «Дзень і ноч трэба араць і сеяць. Своечасова трэба пасеяць азімыя. І тэхналогіі павінны быць», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на важнасць забеспячэння належных умоў захоўвання ўраджаю зерня кукурузы, што актуальна для патрэб жывёлагадоўлі. «Трэба ўзяць на кантроль і той недабор, які, магчыма, будзе па каласавых збожжавых, трэба кампенсаваць зернем кукурузы», – даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту далажылі аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Касцюковіцкага раёна і Магілёўскай вобласці. Адзін з галоўных акцэнтаў кіраўніцтва рэгіёна робіць на рабоце са стратнымі прадпрыемствамі, прымаючы меры па нармалізацыі іх фінансава-эканамічнага становішча і забеспячэнні росту даходаў насельніцтва.
У час наведвання фарэлевай гаспадаркі «Лахва» Кіраўнік дзяржавы даручыў актуалізаваць праграму па развіцці рыбагаспадарчай дзейнасці: «Чаго мы марудзім, чаго баімся? Тэхналогіі добрыя, рынкі ёсць. Трэба актуалізаваць гэту праграму і ўнесці мне канкрэтныя прапановы – дзе будзем будаваць і што. І як мінімум трэба падвоіць вытворчасць рыбы, не толькі на Магілёўшчыне».
У Касцюковічах Прэзідэнт правёў нараду па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, які акрамя Касцюковіцкага ўключае ў сябе Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Хоцімскі раёны.
На заканчэнне рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з жыхарамі Касцюковіч. Асаблівы акцэнт Кіраўнік дзяржавы зрабіў на адказнасці кожнага паасобку за будучыню свайго горада і раёна. Дзяржава ў сваю чаргу будзе аказваць падтрымку, але толькі там, дзе гэта сапраўды неабходна.
«Усё залежыць ад нас. Цяпер так шалёна арганізавана жыццё – ляціць, як кур’ерскі поезд і самалёт, як толькі ты адстаў – цябе затапталі, і ніхто не паглядзіць, і мы застанемся ў хвасце. Нельга гэтага дапусціць. Пакуль у нас ёсць усё для таго, каб жыць дастойна. Будзеце працаваць – і я, і ўрад, усе, хто ёсць у краіне, падставім плячо», – заявіў беларускі лідар.
Жыхары Касцюковіч сустракалі Кіраўніка дзяржавы каля райвыканкама, дзе праходзіла нарада па развіцці ўсяго паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Нехта з людзей выказваў удзячнасць за ўжо зробленае за апошнія гады, іншыя звярталіся з асабістымі просьбамі.
Аляксандр Лукашэнка даручыў па ўсіх абазначаных пытаннях дэталёва разабрацца і далажыць яму аб выніках, але ў самым пачатку падрабязна расказаў аб прычынах прыезду. «Чатыры гады таму было маё даручэнне – паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці давесці да прыстойнага ўзроўню. Мінула чатыры гады. Я хацеў асабіста паглядзець, як выконваецца праграма», – растлумачыў ён.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, прамежкавы кантроль паказвае, што пакуль праграма рэалізуецца дрэнна. «Пачынаецца сур’ёзны жым па выкананні гэтай праграмы. Мы яе актуалізуем, вызначымся, што трэба пабудаваць у гэтых сямі раёнах, каб людзі працавалі, мелі дастойную зарплату, хаця б на ўзроўні сярэдняй па краіне – у памеры Br1 тысяча», – сказаў Прэзідэнт.
Увага будзе ўдзелена і вырашэнню жыллёвых пытанняў, але ў першую чаргу ў прывязцы да стварэння рабочых месцаў, развіцця вытворчасцей. І, як вынік, сацыяльнай сферы – ахова здароўя, дзіцячыя сады і гэтак далей.
«Мы дамовіліся. І зрухі будуць ужо ў бягучым і наступным гадах. Думаю, вы іх убачыце», – заявіў беларускі лідар.
Нараўне з гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тыя пытанні, якія залежаць выключна ад саміх людзей, у прыватнасці, пытанне дысцыпліны, выканання закону. «Расхлябанасць насельніцтва надзвычайная. Не хачу сказаць, што ўсе дрэнныя. Але крадзяжы працвітаюць. Мне нават сорамна як Прэзідэнту аб гэтым гаварыць. Прытым крадуць усё, пачынаючы ад дызельнага паліва і бензіну. Нядаўна выявілі: адразу з поля збожжа вязуць дадому. Сталі нахабнымі да такой ступені, што нават не хаваюцца. Бяруць, як сваё. Вось гэта мы павыкарчоўваем з коранем», – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
«Не будзе дысцыпліны, арганізаванасці – мы ніводную праблему не вырашым. Калі вы хочаце, каб было лепш тут, а тут павінна быць лепш (у вас цудоўнае месца для жыцця)… Выдатныя працавітыя людзі! Трэба даць ім магчымасць працаваць і зарабляць. А тых, хто перашкаджае, тых мы да прытомнасці прывядзём», – рэзюмаваў Прэзідэнт.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.