І расказаць, і пачуць. 15 жніўня ў Ляхавіцкім раёне працавалі пяць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп

У чарговы адзіны дзень інфармавання, 15 жніўня, у нашым раёне працавалі пяць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Яны сустрэліся з калектывамі ПМК-13, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ААТ «Жарабковічы», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы».
У цэнтры ўвагі былі дзве актуальныя тэмы «Абарона мацярынства і дзяцінства ў Беларусі» і «Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэстскай вобласці за першае паўгоддзе 2019 года».

На малочным заводзе працавала ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Леаніда Калбаса. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна акцэнтаваў увагу на сацыяльна-эканамічным развіцці нашага рэгіёна.
Пра яго дынамізм, канкрэтныя зрухі да лепшага, сярод якіх пэўныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, гаварыў на сустрэчы і старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі.
Закранутыя тэмы сапраўды важныя. Пацвердзіла гэта і высокая актыўнасць завадчан, якія задавалі шматлікія пытанні, у тым ліку – пра медыцынскае абслугоўванне і павышэнне яго ўзроўню.
Закранулі тэму добраўпарадкавання. Сярод адрасоў – шматкватэрны дом № 11 па вуліцы Гагарына ў райцэнтры. У двары няма стаянкі для аўтамабіляў, патрабуецца абнаўленне дарожнага пакрыцця, хоць невялікая дзіцячая пляцоўка.
На пытанне работніцы прадпрыемства, якая заклапочана бездарожжам на вуліцы Першамайскай, прагучаў лаканічны адказ кіраўніка раёна: рамонт Першамайскай і Мінскай пачнецца прыкладна праз месяц.
Таксама ішла размова пра гандлёвае абслугоўванне, будаўніцтва новых прадпрыемстваў, стварэнне новых працоўных месцаў і шмат чаго іншага, што хвалюе ляхавічан. Усе праблемы, азначаныя падчас сустрэчы, кіраўніцтва раёна ўзяло на кантроль.
Канешне, была закранута тэма работы малочнага завода. На парадку дня мадэрнізацыя вытворчасці, выпуск новай прадукцыі высокай якасці.
А прыемным бонусам напрыканцы стала «дзякуй» за смачную прадукцыю Ляхавіцкага малочнага завода ад начальніка аддзела аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Людмілы Жалнерчык, якая прыняла ўдзел у рабоце ІПГ.
Галіна КАНЬКО.

Склад – узмоцнены, увага – павышаная, атмасфера залы – добразычлівая. І – многа інфармацыі, у тым ліку па-за межамі афіцыйна вызначаных тэм. Такія ўражанні засталіся пасля адзінага дня інфармавання ў Ляхавіцкім ТЦСАН.
З дакладам па асноўнай тэме выступіла начальнік аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Людміла Жалнерчык.
Пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ўдзельнікам сустрэчы расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень. Аўдыторыя самая што ні ёсць мэтавая: жанчыны, чый штатны і не толькі клопат звязаны з работай-дапамогай мнагадзетным і іншым сем’ям, маючым патрэбу ў сацыяльнай абароне.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі акцэнтаваў увагу на сацыяльна-эканамічным развіцці Ляхавіччыны. Па выніках работы з пачатку года раён справіўся з выкананнем абсалютнай большасці ключавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэтае жніво для аграрыяў было, як заўсёды, няпростым, але даволі паспяховым: па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых раён з’яўляецца абласным лідарам. Ды і ў цэлым ляхавіцкі аграсектар дэманструе адчувальныя тэмпы росту ў параўнанні з мінулым годам.
У раёне адкрываюцца вытворчыя структуры, на рынак выходзяць новыя віды прадукцыі. Узводзіцца 40-кватэрнік, будаўніцтва якога павінна завяршыцца ўжо сёлета. З апераджэннем графікаў працуюць будаўнікі-рамонтнікі, якія завяршаюць капітальны рамонт двух дамоў. Выконваецца заданне па таварным экспарце. Жыллёвыя праграмы, стан, функцыянаванне і перспектывы туріндустрыі раёна сталі пытаннямі дыялогу аўдыторыі з кіраўніком раённай вертыкалі. Але першае, пра што спыталі Аляксандра Камінскага, – ці будзе ў Ляхавічах басейн. Магчыма, калі пры фарміраванні абласнога бюджэту на наступны год будуць знойдзены і закладзены фінансавыя сродкі. Усё астатняе ёсць: месца будаўніцтва даўно выбрана і ўсім вядома, праект існуе, хоць і патрабуе актуалізацыі ў адпаведнасці з апошнімі патрабаваннямі.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.