Аграрны залік. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы падведзены вынікі прыёмнай кампаніі

Фота з архіва «ЛВ»

9 жніўня стала заключным акордам у сёлетняй прыёмнай кампаніі ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Падведзены яе вынікі, аб’яўлены прахадныя балы, названы прозвішчы новых навучэнцаў, якім ужо, дарэчы, адпраўлены паведамленні аб залічэнні ў ЛДАК. Каледж у чаканні 2 верасня – менавіта ў гэты дзень пачнецца адлік 2019/2020 навучальнага года.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі каледжа Вольга Сакун расказала, што, як і планавалася, набралі шэсць груп, статус навучэнца атрымалі 156 абітурыентаў. Жадаючых вучыцца ў ЛДАКу па спецыяльнасці «ветэрынарная медыцына», «агранамія», «заатэхнія» пасля заканчэння базавай школы – поўны камплект –  81 чалавек. Па 25 каляджан-навічкоў будуць спасцігаць азы плодаагародніцтва, ветэрынарнай медыцыны і заатэхніі пасля заканчэння сярэдняй школы. Усе залічаны на бюджэтную форму навучання.
Вольга Сакун адзначыла, што вышэйшы бал атэстата (больш за 9) у абітурыента, які залічаны на аддзяленне ветэрынарнай медыцыны на базе 11 класаў. Дарэчы, менавіта на гэта аддзяленне было пададзена найбольш заяў: звязаць сваё жыццё з прафесіяй ветфельчара хацелі 40 учарашніх дзевяцікласнікаў, якія прэтэндавалі на 30 бюджэтных месцаў.
Калі гаварыць пра геаграфію паступіўшых, то яна надзвычай шырокая, але і традыцыйная адначасова. Каледжскія навабранцы прыехалі з розных раёнаў Брэсцкай, Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей. Як запэўнілі ў ЛДАКу, усе іншагароднія навучэнцы-першакурснікі будуць забяспечаны месцам у інтэрнаце і стыпендыяй (у першым семестры гарантавана, а далей – як пойдзе вучоба, дазволяць дысцыпліна, удзел у грамадскім, студэнцкім, культурным і спартыўным жыцці).
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.