Адкрыццё сезона. Палявога

Неаднойчы агучаным прадказанням ранняга надыходу вясны сёлета не наканавана было спраўдзіцца. Тым не менш, сталі ўжо заметнымі і першыя вынікі яркага паўдзённага сонейка. Хоць бы – у выглядзе праталін, што з’явіліся ў лугах, пералесках, палях і з кожным днём усё растуць у абрысах, “абжываюцца” прыляцеўшымі шпакамі.
Што да палеткаў сельскагаспадарчых, тут сваё жыццё. У рознай ступені інтэнсіўна і дыферэнцыравана па відах работ, аднак, палявы сезон адкрылі ўжо абсалютна ўсе прадпрыемствы аграрнай галіны раёна. Працягваецца акумуляцыя арганікі і мінеральных удабрэнняў, ажыццяўляецца іх вывазка і ўнясенне, асобныя з гаспадарак нават выйшлі ўжо з сеялкамі.
Сітуацыя з нарыхтоўкай арганічных угнаенняў у цэлым па АПК раёна выглядае арганічна на 100 працэнтаў. Некалькі больш нават: з тэарэтычна неабходных пад яравую сяўбу 317 тысяч тон угнаення, практычна назапашана больш за 330. І гэта яшчэ не фініш, а, паколькі работы актыўна працягваюцца, толькі адзін з “кантрольных” пунктаў на шляху да яго. Некаторыя арганізацыі-сельгасвытворцы заклалі нават па паўтары нормы, і толькі асобныя пакуль не дацягнулі, працягваюць выходзіць на аптымальныя аб’ёмы. Вывазка ажыццяўляецца планава і актыўна. У адрозненне ад непасрэднага ўнясення арганікі ў глебу. Апошняе – вельмі дазіравана і, як паведамілі ў райсельгасхарчы, толькі што тычыцца вадкай фракцыі ўгнаення. У гэтым рэчышчы, у прыватнасці, можна ўзгадаць СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, ЗАТ “Белпрампрыбор”.
Аптымальная патрэбнасць раённага яравога палетка ў мінеральных удабрэннях складае 8800 тон дзеючага рэчыва. “Склад” жа пакуль запоўнены крыху больш як на 60 працэнтаў. Калі засяродзіцца на кожным з асобных відаў тукаў – азот-фосфар-калій, найбольш выгадная сітуацыя іменна з апошнім. Калійнымі ўдабрэннямі аграрыі раёна ў сярэднім забяспечаны на 90 працэнтаў яравой патрэбнасці. Што да азотных і фосфарных складальнікаў палеткавай ураджайнасці – маюць месца амаль парытэтныя суадносіны: 43,6 і 41,8 працэнта ад патрэбнасці, адпаведна.
Прыступілі земляробы раёна таксама і да ўнясення мінеральных падкормак. Гаворка, найперш, пра калійныя і фосфарныя мінудабрэнні. Так, каля чвэрці назапашаных аб’ёмаў калію ўжо дазіравана ўнесена на палеткі, а фосфару – прыкладна 8 працэнтаў. Мінеральную падкормку атрымліваюць лугавыя ўгоддзі, палеткі са шматгадовымі травамі.
Наконт узгаданых ужо сеялак – ніякай памылкі: асобныя сельгасвытворцы раёна вядуць гэтым часам падсеў пад азімыя зерневыя шматгадовых траў. Сярод першапраходцаў значацца СВК “Шлях новы”, “Дарава”, “Тальмінавічы”, магчыма, і іншыя. Глеба трымае, можна не хвалявацца за пашкоджанне азімых пасеваў.
У гэтым годзе аграпрацаўнікі раёна намецілі падсеяць 2400 гектараў шматгадовых траў, у тым ліку і 1500 – шматгадовых бабовых. Апошні факт заслугоўвае, як мінімум, больш пільнай увагі. Неаднойчы даводзілася чуць, што доля бабовых у агульнай структуры травяных угоддзяў раёна, мякка кажучы, жадае быць лепшай. Будзе?
Акрамя таго, з мэтай паляпшэння кармавой базы для статка буйной рагатай жывёлы, сёлета належыць правесці перазалужэнне ўгоддзяў на плошчы 2500 гектараў. 900 гектараў, у тым ліку, складзе паша інтэнсіўнага тыпу.
Сапраўдная ж інтэнсіўнасць палявых работ наперадзе, але ўжо вельмі хутка.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *