Зімняя вішня. Сезон нарыхтовак: традыцыі і навацыі з водарам лета

Хто супраць таго, каб зімой вярнуцца ў лета? Райпо пра такую магчымасць паклапацілася і замарозіла нарыхтаваныя ў сезон ягады. Прыходзь у магазін, купляй колькі табе трэба клубніц, маліны, буякоў ці чарніц і атрымлівай асалоду ад смаку-водару чэрвеня, ліпеня, жніўня…

Як расказаў старшыня Ляхавіцкага райпо Васілій Некрашэвіч, кааператары актыўна робяць ягадныя нарыхтоўкі і адпраўляюць іх для працяглага захоўвання ў халадзільнік, дзе тэмпература мінус 22 градусы. Асобная гаворка пра чарніцы: закупілі 11,7 тоны, з іх 10 тон адправілі на экспарт – у Расію. А на чарзе – брусніцы і любімыя ўсімі без выключэння журавіны, значная частка іх у глыбока замарожаным выглядзе таксама «паедзе» за мяжу.

Ягадным багаццем, якому належыць прайсці праз халадзільнік, займаецца кладаўшчыца Марына Піліпчык (на здымку). Адказная, сумленная працаўніца, менавіта яна на апошнім этапе ягадных нарыхтовак клапоціцца пра тое, каб захаваць водар і вітаміны летніх дароў – зберагчы іх для спажыўцоў гэтай смачнай прадукцыі.

Вольга СВЯТЛОВА.