Без кампрамісаў. Заслона супраць карупцыі

У мінулую пятніцу на семінары па тэме «Актуальныя пытанні супрацьдзеяння карупцыі» ў вялікай зале райвыканкама сабраліся начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі і галоўныя бухгалтары прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.

У семінары ўдзельнічалі начальнік аддзела аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Людміла Жалнерчык, яе намеснік Аляксандр Чарэпка, старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, начальнік Ляхавіцкага РАСК Віталій Лабанаў.

Аляксандр Чарэпка спыніўся на мерах, якія прымаюцца ў краіне па супрацьдзеянні карупцыйным праяўленням, і падкрэсліў, што работа па супрацьдзеянні карупцыі сістэмная і эфектыўная. Але пра тое, што гэтыя негатыўныя з’явы выкаранены з нашага жыцця, пакуль гаварыць рана.

– Сёлета ў маі Прэзідэнт Беларусі падпісаў Дэкрэт № 3 «Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй». Дакумент сведчыць, што дзяржава і далей будзе весці паслядоўную, бескампрамісную, прынцыповую барацьбу з гэтым сацыяльным злом, якое адмоўна ўплывае на ўсе сферы грамадскага жыцця. Дэкрэт нарматыўна акрэсліў, якія злачынствы лічацца карупцыйнымі. Гэта, у прыватнасці, дача і атрыманне хабару, пасрэдніцтва ў дачы хабару, злоўжыванне служ-бовымі паўнамоцтвамі і іншае. Дэкрэт прадугледжвае немагчымасць для грамадзян, якія асуджаны за гэтыя злачынствы, умоўна-датэрміновага вызвалення і замены неадбытай часткі пакарання на больш мяккае, – нагадаў Аляксандр Чарэпка.

Ён падкрэсліў, што важна стварыць адпаведную атмасферу ў грамадстве, каб утрымаць чалавека ад неабдуманых учынкаў, у тым ліку і ў плане хабарніцтва.

Па словах намесніка начальніка аддзела УСК, на Брэстчыне сёлета за сем месяцаў зарэгістраваны 231 карупцыйнае злачынства, 104 з якіх – атрыманне хабару (летась за аналагічны перыяд – 38).
Таксама Аляксандр Чарэпка засяродзіў увагу службовых асоб на тым, што перш чым падпісаць пэўны дакумент, трэба яго ўважліва вывучыць. Ніякія апраўданні – «не ведаў», «не чытаў», «не думаў» – не выключаюць адказнасць перад законам.

Намеснік пракурора раёна Аляксей Шчарбакоў расказаў пра выкананне патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства ў арганізацыях, установах і на прадпрыемствах Ляхавіччыны. За першае паўгоддзе сёлета выяўлены дзевяць злачынстваў карупцыйнай накіраванасці, сярод якіх крадзёж, хабарніцтва, а таксама два праяўленні, якія ствараюць умовы для карупцыі, 13 грамадзян прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Падчас праверак пракуратура ўстанавіла факты парушэнняў пры правядзенні закупак за кошт уласных сродкаў у КСУП «Ліпнянка», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». У ААТ «Шлях новы» неналежным чынам вёўся ўлік рабочага часу (у табелі ўліку рабочага часу прастаўляліся гадзіны, хаця чалавека не было на працоўным месцы).

Аляксей Шчарбакоў паведаміў, што суд вынес прыгавор па рэзананснай для нашага раёна справе. У снежні мінулага года затрыманы дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Супраць яе ўзбуджана крымінальная справа па факце атрымання хабару. У мінулы чацвер суд вынес прыгавор: шэсць гадоў пазбаўлення волі. Прыгавор пакуль не ўступіў у сілу, у абвінавачванай ёсць 10 дзён на падачу апеляцыі.

Намеснік пракурора гаварыў і пра тое, што ў шэрагу выпадкаў дзейнасць антыкарупцыйных камісій носіць фармальны характар, прафілактыка – не на належным узроўні. Маюцца пралікі ў кадравай рабоце і бываюць выпадкі, калі на кіраўніцкія пасады прызначаюцца асобы, якія не валодаюць адпаведнымі прафесійнымі якасцямі. Так, два былыя дырэктары кінатэатра «Кастрычнік» злоўжывалі сваімі службовымі паўнамоцтвамі. Адзін – афармляў на работу «мёртвыя душы», другі – прысвоіў маёмасць прадпрыемства.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ніна Прыхач спынілася на рабоце камісіі райвыканкама па супрацьдзеянні карупцыі. На яе пасяджэннях разглядаліся пытанні пра дзейнасць ААТ «Шлях новы», ДП «Нача», Ляхавіцкага льнозавода і райаграсэрвіса па спагнанні пратэрмінаванай дэбіторскай запа-зычанасці, аналізаваліся парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства за 2018-2019 гады і стан прафілактыкі карупцыйных правапарушэнняў, правя- дзенне закупак за кошт уласных сродкаў у Ляхавіцкай ЖКГ, вынікі праверкі дэкларацый пра даходы і маёмасць, што падавалі дзяржслужачыя ў райвыканкам. На парадку дня работы камісіі – забеспячэнне захаванасці гаруча-змазачных матэрыялаў, ядахімікатаў на сельгаспрадпрыемствах раёна, прадастаўленне дакладных статыстычных справаздач у «Шляху новым» і КСУП «Востраў-Агра». Акрамя таго, на пасяджэннях заслуханы справаздачы аб рабоце аналагічных камісій у «Шляху новым», райаграсэрвісе, ААТ «Жарабковічы», ТЦСАН, упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзеле па адукацыі.

Падводзячы вынікі семінара, старшыня райвыканкама, кіраўнік раённай антыкарупцыйнай камісіі Аляксандр Камінскі зазначыў, што законы неабходна ведаць і выконваць. Ён падкрэсліў, што антыкарупцыйная работа на прадпрыемствах павінна быць больш актыўнай і настойлівай, трэба ўлічваць усе фактары і папярэджваць стварэнне ўмоў для карупцыйных праяўленняў.

Галіна КАНЬКО.

Фото БЕЛТА.