Шчыра пра надзённае. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс сустрэўся з журналістамі/абноўлена/


Фото: Валерия Короля, газета «ЗАРЯ». 

На мінулым тыдні старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс правёў прэс-канферэнцыю для рэгіянальных СМІ. Кіраўнік вобласці запрасіў журналістаў і блогераў абмеркавацьшэраг тэм, якімі сёння жыве Брэстчына, і якія ў бліжэйшы час будуць у ліку асноўных інфармацыйных нагод, заклікаў падыходзіць да іх асвятлення ўсебакова і аб’ектыўна – бачыць пазітыўнае і ўмець даць узважаную ацэнку праблемам.

Інфармацыя — нагода для аб’ектыўнасці

Сярод інфармацыйных нагод, пра якія гаварыў Анатолій Ліс, не толькі святочныя (хаця і іх у бліжэйшай перспектыве нямала – абласныя “Дажынкі”, Дзень ведаў, тысячагоддзе Брэста), але і важныя грамадскія і палітычныя кампаніі (перапіс насельніцтва і парламенцкія выбары), а таксама вынікі, з якімі Брэсцкая вобласць завяршыла першае паўгоддзе ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і г.д.

Дарэчы, у жніўных лічбах прыемна прагучаў Ляхавіцкі раён: нашы хлебаробы атрымалі лепшую ўраджайнасць збожжавых – 42 цэнтнеры з гектара, а ў “Жарабковічах” на круг сабралі па 62 цэнтнеры хлеба – адзін з лепшых вынікаў на Брэстчыне.
Перш чым адказаць на пытанні, кіраўнік вобласці спыніўся яшчэ на адной тэме, якая на працягу доўгага часу мусіруецца шэрагам СМІ і інтэрнэт-рэсурсамі, — сітуацыі вакол будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода. Анатолій Ліс заўважыў, што гэта пытанне знаходзіцца на кантролі не толькі мясцовых, але і рэспубліканскіх органаў кіравання, і запэўніў: з парушэннем экалагічных і іншых нормаў прадпрыемства ўведзена не будзе.

У чэрвені распараджэннем старшыні аблвыканкама будаўніцтва завода было прыпынена да ўхілення недахопаў. Заключэнне экалагічнай экспертызы на сёння не атрымана.

Брэсцкі аблвыканкам запатрабаваў ад ТАА “АйПаўэр” вярнуць узятыя ў інавацыйным фондзе сродкі на будаўніцтва завода. Анатолій Ліс расказаў, што ТАА не выканала прадугледжаныя дагаворам абавязацельствы: праект не быў рэалізаваны ў акрэслены тэрмін, таму прынята рашэнне дагавор скасаваць.
-Усе дзеянні праводзяцца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, і ў далейшым такая пазіцыя ў адносінах данага праекта, як і ўсіх астатніх, будзе нязменнай, – зазначыў губернатар.

Абноўкі да свята і не толькі

31 жніўня гарадскі пасёлак Ружаны Пружанскага раёна будзе сустракаць удзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2019”. Падчас падрыхтоўкі да свята населены пункт, у літаральным сэнсе, набыў новы твар: тут рэканструявана і добраўпарадкавана больш за 130 аб’ектаў.

На пытанне журналістаў пра адрас чарговых “Дажынак” старшыня аблвыканкама запэўніў: фестываль-кірмаш і ў далейшым будзе праводзіцца ў малых гарадах і аграгарадках, каб прывесці іх у парадак, “падцягнуць” да ўзроўню райцэнтраў. Што датычыць канкрэтнага адрасу, ён будзе агучаны ўжо зусім хутка.

На сустрэчы закранулі і тэму абнаўлення абласнога цэнтра. У прыватнасці, газетчыкаў цікавіла, як Брэст будзе развівацца пасля святкавання свайго тысячагоддзя.

-Канешне, такіх маштабных укладанняў у бліжэйшы час чакаць не варта. Адзін толькі Заходні абход будаваўся з 2012 года – гэта вялізныя сродкі, — адзначыў Анатолій Ліс і нагадаў, што сапраўднымі падарункамі брастаўчанам да юбілею горада сталі будаўніцтва тэатра лялек, станцыі хуткай дапамогі, школ, дзіцячых садоў, рэканструкцыя Палаца правасуддзя – усяго ў пераліку 28 буйных аб’ектаў.

Але гэта не значыць, што абнаўленне спыніцца, работы будуць працягвацца, хаця і не з такім размахам. Напрыклад, нам трэба пабудаваць яшчэ адзін корпус дзіцячай абласной бальніцы. У новым Паўднёва-Заходнім мікрараёне таксама патрэбна медустанова – медыцынскі цэнтр ці паліклініка. Добраўпарадкаванне горада не спыніцца і не зменшыцца, як і тэмпы жыллёвага будаўніцтва,- падкрэсліў кіраўнік вобласці.

Ён таксама акцэнтаваў увагу, што развівацца будуць і іншыя рэгіёны Брэстчыны: не толькі Баранавічы і Пінск, якія ўключаны ў праграму прыярытэтнага развіцця, але і аддаленыя раёны.
Яшчэ адно пытанне датычыла рэканструкцыі мастоў.

Як паведаміў Анатолій Ліс, для прывядзення маставых збудаванняў у належны стан РУП “Брэстаўтадар” будзе штогод на працягу бліжэйшых пяці гадоў выконваць капітальны рамонт на 5-7 мастах і пуцеправодах на рэспубліканскіх аўтадарогах, бягучы – на 8-10. Сёлета завершаны рэканструкцыя моста праз Мухавец на трасе М-1 і капрамонт пуцеправода праз чыгунку ў Лунінецкім раёне, да канца года ў Пінску плануецца пасля рэканструкцыі адкрыць рух па мосце праз раку Піну.

Рамантуюцца і маставыя збудаванні на мясцовых аўтамабільных дарогах, а таксама тыя, што знаходзяцца ў гарадах на балансе ЖКГ. Напрыклад, пачаліся работы на Баранавіцкім пуцеправодзе, якія праводзяцца за кошт субвенцый з рэспубліканскага дарожнага фонду (гэта сродкі, што паступаюць ад аплаты пошліны за допуск транспарту да ўдзелу ў дарожным руху) і сродкаў з гарадскога бюджэту. Сёлета плануецца адрамантаваць адну палову моста, а ў наступным годзе поўнасцю завяршыць рамонт.

Па законах рынку

Тое, што вялікая частка насельніцтва Століншчыны, што называецца, жыве з агарода – не сакрэт. Сёлета фермеры і прыватнікі вырасцілі багаты ўраджай. І некаторыя пачалі наракаць: цяжка прадаць вырашчанае, закупляюць прадукцыю танней, чым хацелася б…

На пытанне, агучанае галоўным рэдактарам столінскай раённай газеты, старшыня аблвыканкама даў грунтоўны адказ. Нагадаў, што закупкамі плодаагародніннай прадукцыі займаюцца нарыхтоўчыя арганізацыі розных формаў уласнасці, асабліва актыўна – Белкаапсаюз. У Столінскім і Лунінецкім раёнах арганізаваны аптова-закупачныя рынкі. Ёсць попыт і з боку гандлёвых сетак, прадпрыемстваў-перапрацоўшчыкаў. Іншая справа, што не заўсёды прадавец і пакупнік знаходзяць цанавы “кансэнсус”.

-Так, быў час, калі ў прыватніка ўсё ішло нарасхват. Але сёння такую прадукцыю вырошчваюць і ў іншых рэгіёнах. І калі яе становіцца больш, уступаюць у сілу рыначныя адносіны, — адзначыў Анатолій Ліс. — Цэны на сельгаспрадукцыю, што закупляецца ў насельніцтва, устанаўліваюцца ў залежнасці ад яе якасці і кан’юнктуры рынку. Трэба разумець, што дыктаваць умовы кансерваваму заводу той, хто вырасціў прадукцыю, не можа, ён павінен падстроіцца да рыначнай сітуацыі. Калі цана ўпала, то менавіта па такой і будуць праводзіцца закупкі.

Вырасціць агародніну – нялёгкая праца, падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Але гэта толькі паўсправы: яе трэба яшчэ перапрацаваць і пасля прадаць – таксама ва ўмовах высокай канкурэнцыі, пры якой цанавы фактар адыгрывае далёка не апошнюю ролю.

У рэшце, калі не задавальняюць аптовыя цэны, можна паспрабаваць рэалізаваць уласнавырашчаную прадукцыю даражэй – на рынках і кірмашах месца для такіх прадаўцоў заўсёды знойдзецца, ва ўсіх раёнах Брэстчыны вызначаны і дадатковыя пляцоўкі для гандлю садавінай-агароднінай.

Без візы і гасцінна

Старшыня аблвыканкама падзяліўся меркаваннем наконт выкарыстання патэнцыялу бязвізавай зоны.

-За ўвесь тэрмін дзеяння бязвізу ў вобласці пабывалі 38 тысяч замежных гасцей, даход ад наведвання якіх склаў 2 мільёны долараў. Сёлета мы бачым павелічэнне патоку амаль удвая ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года, — расказаў Анатолій Ліс.

Ён падкрэсліў, што нядаўняе аб’яднанне бязвізавых зон Гродзенскай і Брэсцкай абласцей у адну тэрыторыю праведзена для зручнасці гасцей і заклікана надаць новы імпульс уязному турызму.
На думку кіраўніка вобласці, іншаземцаў, перш за ўсё, вабіць падзейны турызм – народныя святы, нацыянальная кухня, спартыўныя спаборніцтвы і г.д. Таму такіх прапаноў, як, напрыклад, музычныя “Студзеньскія вечары”, “Мотальскія прысмакі” і “Спораўскія сенакосы”, павінна быць як мага больш. Цікавяць гасцей прыродныя аб’екты рэгіёна (і гэта могуць быць не толькі Белавежская пушча і Прыпяцкае Палессе), агратурызм.
Разам з тым, толькі трэць патоку замежных турыстаў скарысталася паслугамі брэсцкіх тураператараў.

Гэта гаворыць пра тое, што неабходна ствараць новую эфектыўную сістэму інфармацыйных цэнтраў і сэрвісаў для замежных турыстаў, якія падарожнічаюць самастойна, — адзначыў губернатар.
Турыстычная інфраструктура Брэстчыны дазваляе сустракаць гасцей гасцінна і з камфортам, перакананы старшыня аблвыканкама. У сярэднім за год вобласць наведваюць больш за 800 тысяч турыстаў, з якіх 280 тысяч – іншаземцы. На экспарце турыстычных паслуг летась рэгіён зарабіў 14,9 мільёна долараў.

Лад жыцця — актыўны

Сярод тэм, што абмяркоўваліся, – узмацненне жорсткасці пакарання для нецвярозых вадзіцеляў, прычыны бытавога і вытворчага траўматызму.

Кіраўнік Брэстчыны выказаў упэўненасць, што адным толькі ўзмацненнем пакарання станоўчага выніку дасягнуць нельга. Траўматызм, у тым ліку на дарозе, — следства неабачлівасці, безадказнасці і абыякавасці самога чалавека і тых, хто знаходзіцца побач з ім. Патрэбна актыўная мэтанакіраваная прафілактычная і выхаваўчая работа, і не толькі міліцыі – усеагульная, пачынаючы з сям’і і дзіцячага сада.

Дарэчы, выхаванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі і адказнасці за ўласнае здароўе будзе садзейнічаць і далучэнне насельніцтва да заняткаў фізкультурай і спортам. Адказваючы на пытанне пра перспектывы развіцця спартыўна-фізкультурнай галіны вобласці,

Анатолій Ліс адзначыў, што на Брэстчыне створаны добрыя ўмовы для прафесіянальных спартсменаў. Гэта пацвярджаюць вынікі розных спаборніцтваў, у тым ліку сёлетніх ІІ Еўрапейскіх гульняў, на якіх брастаўчане заваявалі 15 медалёў. БГК імя Мяшкова ўваходзіць у дзясятку лепшых гандбольных клубаў Еўропы, вынікаў дабіваюцца футбалісты. Развіваюцца іншыя віды спорту, у тым ліку дзіцячага.

-Спорт высокіх дасягненняў гэта вельмі важна, але трэба развіваць масавы, — перакананы кіраўнік вобласці. – Трэба, каб спартыўныя аб’екты, якія ёсць у нас, і спартыўная інфраструктура былі задзейнічаны, каб туды хадзілі займацца людзі ўсіх узростаў.

Асноўная задача для ўлады і СМІ

Закранаючы тэму кансалідацыі грамадства, старшыня аблвыканкама зазначыў, што СМІ трэба гаварыць не толькі пра недахопы, але і пра дасягненні. А звяртаючы ўвагу на недахопы, неабходна разумець, што задача – дапамагчы ўхіліць іх, каб стала лепш.

-Так, праблемы ёсць і будуць. Але сутнасць у тым, каб іх своечасова бачыць і аператыўна вырашаць. І гэта мы павінны рабіць разам, сумесна,- падкрэсліў Анатолій Ліс.

-Любы накірунак у рабоце павінен садзейнічаць кансалідацыі грамадства. Гэта асноўная задача для ўлады і СМІ, — рэзюмаваў кіраўнік Брэстчыны.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фото: Валерия Короля  «ЗАРЯ».