Не прамаргаць зрок. На пытанні карэспандэнта «ЛВ» адказала ўрач-афтальмолаг Ляхавіцкай ЦРБ Таццяна Усцюшкова.

Існуе думка, што ў арганізме няма больш складанага «механізма», чым вока. Чалавек штучна не змог прыдумаць нічога такога ж дасканалага. Аднак і гэты орган часам выходзіць са строю. Што можа яго «паламаць»? І якія прыкметы папярэджваюць, што «люстэрка душы» трэба тэрмінова паказаць урачу? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнта «ЛВ» адказала ўрач-афтальмолаг Ляхавіцкай ЦРБ Таццяна Усцюшкова.

– Таццяна Яўгеньеўна, як часта трэба звяртацца да ўрача-афтальмолага?

– Калі чалавека нічога па зроку не непакоіць, яму ўсё роўна трэба паказвацца ўрачу хаця б раз у тры гады. Але ёсць прафесіі, пры якіх неабходна праходзіць агляд мінімум раз у год: тыя, што звязаны з цяжкай фізічнай працай, работай на камп’ютары ці ў гарачых цэхах, пры якой ёсць пагроза павышэння вочнага ціску. Таксама часцей наведвацца да афтальмолага раю людзям пасля 40 гадоў. Дзеці мед-агляд у афтальмолага павінны праходзіць раз у год.

– Якія афтальмалагічныя дыягназы часцей за ўсё ставяцца нашым землякам?

– Зараз самыя распаўсюджа-ныя хваробы вачэй (не толькі ў ляхавічан) – блізарукасць у дзяцей, катаракта, дыстрафія сятчаткі, глаўкома, запаленчыя захворванні. Прагрэсуе так званы сіндром сухога вока.
На жаль, пацыентаў з праб-лемамі зроку становіцца ўсё больш. Гадоў дваццаць назад дрэнны зрок дыягнаставаўся ў кожнага шостага-сёмага дзіцяці, цяпер – у трэцяга- чацвёртага.

– Хто ў групе рызыкі?

– У першую чаргу, дзеці. Сённяшні лад жыцця і актыўнае выкарыстанне гаджэтаў павышаюць рызыку развіцця блізарукасці ўжо ў пачаткоўцаў. У дарослых праблемы са зрокам могуць пачацца з-за шэрага фактараў: экалогіі, няправільнага харчавання (натуральных прадуктаў усё менш, хімічных дабавак усё больш), асаблівасцяў прафесіі, стрэсаў і іншага.

– Ці часта ў захворваннях вачэй «вінавата» спадчыннасць?

– Калі ў бацькоў была блізарукасць ці глаўкома, у нашчадкаў большая верагоднасць атрымаць такі дыягназ. Таму, калі дакладна ведаеце, што ў кагосьці з вашай сям’і ёсць захворванне зроку, лепш прыходзіць на абследаванне часцей.

– Ці ўплываюць на зрок стрэсы?

– Яны ўплываюць не толькі на зрок, але і на ўвесь арганізм. Гэта датычыцца і дзяцей. Калі школьнік вельмі эмацыянальны, ранімы, і знаходзіцца ў стане пастаяннага нервовага напружання, ёсць рызыка развіцця ў яго спазмы акумулятыўнай мышцы вока, што ў далейшым можа прывесці да бліза-рукасці.

– Таццяна Яўгеньеўна, як харчаванне ўплывае на зрок? Ці ёсць прадукты карысныя для вачэй і, наадварот, шкодныя?

– Як і для ўсяго арганізма, для вачэй ніякай карысці не будзе ад фастфуда, рафінаваных прадуктаў, цукру. Уключыце ў рацыён прадукты з утрыманнем вітамінаў А, С, Е, групы вітамінаў В, В1, В6, В12. Асабліва вочы «любяць» агародніну і садавіну жоўтага ці аранжавага колеру, якія ўтрымліваюць карацін, канешне, чарніцы, моркву. Але моркву трэба ўжываць з тлушчамі. Калі яе надзерці і дадаць алею або смятаны, то засваенне вітамінаў будзе значна больш эфектыўным.
Яшчэ адно карыснае для зроку рэчыва – лютэін. Яго шмат у кветках аксамітак. Іх можна сушыць і дадаваць у якасці прыправы ў стравы.

– Што лепш насіць пры дрэнным зроку – акуляры або лінзы?

– Усё вельмі індывідуальна. Калі ў вас лінзы, трэба ведаць і выконваць пэўныя правілы карыстання імі.
Калі пры выкарыстанні лінзаў у вас з’явілася запаленне, іх лепш зняць і больш гэтыя экзэмпляры не выка-рыстоўваць. Таму што нават пасля апрацоўкі сучаснымі сродкамі на іх застаюцца бактэрыі, якія могуць выклікаць кан’юнктывіт.
У акуляраў таксама ёсць мінусы: у некаторых выпадках яны зменьваюць карцінку, і чалавеку трэба да гэтага прывыкнуць.

– Скажыце, калі ласка, наколькі патрэбна ў сонечнае надвор’е насіць цёмныя акуляры? Якія лінзы лепш – з пластыку ці шкла?

– Пажадана абараняць вочы ад сонечнага святла, таму што ультрафіялет на сятчатку ўздзейнічае не лепшым чынам. У сонечнае надвор’е трэба насіць акуляры, але яны павінны быць якаснымі. На жаль, часта акуляры прадаюцца з фарбаваным шклом, яно можа нашкодзіць зроку.
Уявіце: вока прыцемнена, зрэнка пашыраецца, але акуляры не абараняюць ад УФ-прамянёў. У выніку праз такія акуляры на сятчатку трапляе больш шкодных прамянёў. І можна атрымаць апёк сятчаткі нават у большай ступені, чым без акуляраў.
А вось з якога матэрыялу вашы акуляры, са шкла ці пластыку, розніцы няма.

– З-за чаго бываюць глаўкома і катаракта? Хто часцей пакутуе імі?

– Гэтыя захворванні абу-моўлены пераважна ўзрос-тавымі змяненнямі вочнага яблыка і ўсяго арганізма ў цэлым. Радзей яны сустракаюцца ў саракагадовых і мала-дзейшых. Дарэчы, пацыентаў з глаўкомай у апошнія гады стала значна больш, таму што вырасла колькасць пацыентаў з захворваннямі сасудаў. Правакуюць яе і стрэсы.
Самае распаўсюджанае вочнае захворванне ў пажылых людзей – катаракта. Яго сімптомы: затуманьванне зроку, зніжэнне яго вастрыні. Як правіла, гэта заўважаюць адразу, таму, калі звярнуцца да ўрача своечасова, прагноз лячэння спрыяльны. Асноўны метад лячэння катаракты – хірургічны: замутнелы крышталік замяняюць на штучную лінзу. Пасля такой аперацыі, калі няма іншых праблем з вачыма, зрок аднаўляецца.
Глаўкома – каварнае захворванне, якое можа прывесці да слепаты. Горш за ўсё, што часта працякае яна бессімптомна.Таму пасля 40 гадоў неабходна рэгулярна вымяраць вочны ціск. Чым раней выяўлена захворванне, тым больш спрыяльны прагноз. Калі пацыент будзе выконваць усе ўрачэбныя прадпісанні, рэжымы харчавання, сну і адпачынку, ёсць шанц прадухіліць або спыніць страту зроку.

– Ці можа нашкодзіць вачам дэкаратыўная касметыка? Калі ад яе лепш адмовіцца?

– Можа нашкодзіць, калі яна няякасная і выклікае алергію. Калі вы адчуваеце раздражненне, рэзь у воку, слёзы, ацёк, то ад такой касметыкі варта адмовіцца. Інакш усё можа закончыцца дэрматытам і іншымі праблемамі, якія трэба будзе доўга лячыць.

Парады ад афтальмолага Таццяны Усцюшковай

Для чытання варта выбраць той гаджэт, у якога манітор большы. Чым драбней тэкст і чым бліжэй ён да вачэй, тым большая нагрузка для вачэй. Адпаведна, працяглая праца на маленькім гаджэце будзе больш шкоднай, чым за вялікім маніторам.

Чытанне напружвае зрок, таму неабходна выконваць пэўныя правілы:
-кніга павінна быць на адлегласці 40-45 сантыметраў ад вачэй;
-чытаць можна толькі пры добрым асвятленні, у становішчы седзячы;
-ні ў якім разе не рэкамендую чытаць у транспарце, таму што пастаянна мяняецца фокусная адлегласць. Калі ў спакойным стане яна фіксаваная, то пры руху розная, і нагрузка на вочы павялічваецца ў 2-3 разы.
Будзьце здаровыя, сачыце за зрокам і рэгулярна прыходзьце на агляд да афтальмолага.

Гутарыла Ірына КУЗЬМІЧ.