Камунальны прагноз на зіму. Кацельня-аўтамат хутка запрацуе ў Ляхавіцкім раёне

Як і для кожнага руплівага гаспадара, для камунальнікаў цёплая пара года з’яўляецца яшчэ і «акном», калі неабходна максімальна крытычна і прыдзірліва агледзець усе свае цеплавыя балансы. І па выніках «агледзін», а таксама ў адпаведнасці з галіновымі тэхніка-тэхналагічнымі нормамі і рэгламентамі дзейнічаць. Мэта – сустрэць ацяпляльны сезон ва ўсеўзбраенні.

– Да асенне-зімовага сезона рыхтуюцца ўсе службы і падраздзяленні камунгаса. Але асаблівая ўвага цеплавой гаспадарцы, – адзначыў галоўны інжынер Ляхавіцкай ЖКГ Андрэй Паўлоўскі.
У прадпрыемства ёсць план падрыхтоўкі аб’ектаў да работы ў асенне-зімовых умовах. Яго ажыццяўленне пачалося ледзь ці не адразу з завяршэннем мінулага ацяпляльнага сезона.
Андрэй Паўлоўскі нагадаў, што да 15 верасня камунгасу належыць атрымаць пашпарты гатоўнасці да работы ва ўмовах зімы на цеплавыя сеткі, кацельні, аб’екты жыллёвага фонду.

Што да цеплавых сетак, то перакладка старых труб на сучасныя, папярэдне ізаляваныя працягваецца. Заданне бягучага сезона замяніць 4,2 кіламетра цепласетак выканана больш як на 80 працэнтаў, па стане на пачатак апошняй дэкады жніўня. Работы завершаны на агульным адрэзку даўжынёй у 3,5 кіламетра ў аднатрубным пераразліку. Дабраць засталося 700 метраў, над чым камунальнікі зараз і працуюць.

У фінансавы залік ЖКГ неабходна аднесці ўдзел у будаўніцтве 40-кватэрнага дома на вуліцы Юбілейнай. Цеплатрубаправодчыкі прадпрыемства выканалі там свой падрад – вынеслі за межы перыметра будаў-ніцтва каналізацыйныя сеткі. Частка заробленага выкарыстоўваецца на рамонт, удасканаленне цеплавой гаспадаркі.
Поўнасцю праведзена выпрабаванне цепласетак, больш як на 70 працэнтаў справіліся з заданнем па давядзенні да нормы іх ізаляцыі, што заклікана мінімізаваць страты цяпла на шляху ад кацельні да спажыўца.

На балансе ляхавіцкага камунгаса 24 кацельні. На ўсіх цеплагенератах выкананы прафілактычны рамонт абсталявання, праведзена яго выпрабаванне. На бягучае міжсезонне замена катлоў у планах не значылася. А вось капітальны рамонт прайшлі чатыры з 78 катлоў.

Хутка ў раёне пачне работу кацельня-аўтамат. Пераналадка размешчанай у вёсцы Задвор’е модульнай кацельні ідзе. «Прымусіць» цеплагенератар працаваць у аўтаматычным рэжыме камунальнікі мяркуюць з пачатку кастрычніка. Зараз кацельню пазменна абслугоўваюць чатыры аператары, прысутнасць якіх у далейшым не спатрэбіцца: адсочваць параметры работы сістэм і механізмаў будзе аўтаматыка. У выпадку любых адхіленняў ад нормы яна пашле СМС-сігнал дыспетчару, адказнаму за аб’ект спецыялісту. Комплекс работ па пераводзе кацельні з адной схемы кіравання на другую абыдзецца камунгасу прыкладна ў 20 тысяч рублёў, якія вернуцца праз 9 месяцаў работы – такі тэрмін акупнасці праекта.

Чаго пакуль увасобіць не атрымалася? На жаль, як адзначыў галоўны інжынер, не вырашана пытанне з рэканструкцыяй Жарабковіцкай кацельні. Тут запраектавана ўстанавіць чатыры сучасныя катлы агульнай магутнасцю 1,8 мВт. Кошт рашэння – у межах 1,2 мільёна рублёў.

Пераважная большасць камунальных кацельняў раёна працуе на мясцовых відах паліва – дровах. Тэмпы іх нарыхтоўкі і складавання каля крыніц спажывання маглі б быць і больш высокімі. Але частка тэхнікі, занятай на нарыхтоўцы дроў, рамантавалася. У значнай ступені з-за гэтага іх нарыхтавалі толькі трэць ад запланаваных, тлумачыць Андрэй Паўлоўскі.

Камунальнікі нямала пастараліся ў плане паляпшэння спажывецкіх і якасных характарыстык жыллёвага фонду, што стаіць на балансе прадпрыемства. Рамонт дахаў праведзены на плошчы 2,1 тысячы квадратных метраў. Адрамантавана пэўная колькасць балконаў, стыкаў сценавых панэляў, праведзены прафрамонты цеплавых пунктаў і іншае.

«Зімовы» і «летні» штатныя расклады прадпрыемства – далёка не роўныя па сваім складзе. Як адзначылі на прадпрыемстве, практычна ўсе машыністы кацельняў, якія працавалі летась, пацвердзілі зацікаўленасць у супрацоўніцтве і сёлета.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота: БЕЛТА.