Нашы ў «Зубраняці». Ляхавічанка Анастасія Богдан адна са 150 рабят, якім пашчасціла днямі адпачываць у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня»

Юная ляхавічанка Анастасія Богдан адна са 150 рабят, якім пашчасціла днямі адпачываць у Нацыя-нальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Змена хоць і кароткая – усяго дзевяць дзён, але знакавая: падчас яе праходзіў форум «Інавацыі падлеткаў і моладзі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця», прымеркаваны да Міжнароднага дня моладзі (12 жніўня) і 50-гадовага юбілею НДЦ «Зубраня». Галоўная задача форуму –
умацаванне патэнцыялу падлеткаў і моладзі, павышэнне іх ведаў і разумення Мэт устойлівага развіцця. Усё гэта дапаможа больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял інавацый, творчасць і энергію маладых людзей.

– Колькі знаёмстваў, уражанняў – не перадаць словамі. Усіх удзельнікаў форуму раздзялілі на 17 груп, кожная атрымала сваё заданне. Наша група распрацоўвала праект «Захаванне марскіх экасістэм». Па нашай задумцы павінна атрымацца цікавае ток-шоу, дзе вядомыя людзі выказваюць свае меркаванні па вырашэнні гэтай праблемы сусветнага маштабу, – дзеліцца ўражаннямі адзінаццацікласніца гімназіі Анастасія Богдан. Яна была ўдастоена гонару прадставіць наш раён у «Зубраняці» за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару, дзе яе даследаванне «Ляхавіцкая фартэцыя як узор бастыённай сістэмы ўмацаванняў» ацэнена дыпломам ІІІ ступені. Акрамя таго, Насця Богдан – дыпламантка раённага этапу конкурсу «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», пераможца раённай краязнаўчай алімпіяды, член БРСМ, удзельніца валанцёрскага руху. Такая актыўная жыццёвая пазіцыя, па словах самой Насці, дапамагае ёй і вучыцца выдатна.

У юбілейную змену ў «Зубраняці» адпачываў таксама адзінаццацікласнік Жарабковіцкай СШ Аляксандр Русакевіч – выдатнік, пераможца розных этапаў прадметных алімпіяд і рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ.

– Лагер падарыў мноства ідэй, эмоцый, новых сяброў. А яшчэ я пераканаўся, што можна цікава праводзіць час і без смартфона, – расказвае Аляксандр. У наступным годзе юнак, які піша вершы, збіраецца паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт.

Галіна КАНЬКО.

Фота з  архіва Анастасіі Богдан.