Да мікрафона запрашаюцца ўсе!/абноўлена/

У мінулую пятніцу ля кінатэатра «Кастрычнік» зноў было шматлюдна. Для ляхавічан фармат «адкрытага мікрафона» ўжо не новы, народнае караоке дае магчымасць праспяваць-сыграть-прадэкламаваць любому жадаючаму.

Сабралася пераважна моладзь, якая падпявала, прытанцоўвала – яркі мікс народных, эстрадных, лірычных песень нікога не пакінуў абыякавым.

Ужо не навічок на сцэне Кірыл Праневіч адкрыў вечар сучаснай кампазіцыяй. Аказалася, што ўрач ЦРБ Анастасія Пташнік не толькі кампетэнтны спецыяліст, але мае і спявацкі талент, як і яе калега, зубны фельчар Ірына Дзярачыц. Вакал дзяўчат быў неверагодным.

Дарэчы, група падтрымкі ляхавіцкай ЦРБ на чале з загадчыкам паліклінікі Анатоліем Панько аказалася самай гучнай і «музычнай». У камандным конкурсе нашы медыкі разам выканалі песню.

Гучалі на імправізаванай сцэне таксама гітара і фартэпіяна.
Школьніца Лізавета прыйшла са сваімі сяброўкамі. На пытанне, ці спадабалася ім, пачуўся хор задаволеных дзявочых галасоў:
– Так здорава, што можна з сябрамі правесці час у выдатнай кампаніі, спяваць, весяліцца!

Прыемным бонусам для ўсіх удзельнікаў сталі прызы і падарункі ад арганізатара «адкрытага мікрафона» – райкама БРСМ.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.