Гайда ў Грушаўку! У Ляхавіцкім раёне адбылося свята фальклорнага мастацтва ”З крыніц спрадвечных”/абноўлена/

З паўналеццем, фэст! ХVIII раённае свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных» зноў па-добраму ўзбударажыла Грушаўку, аздобіла родным народным гэтае каларытнае мястэчка.

Вёска, у біяграфіі якой занатаваны гістарычна знакавыя асобы, гасцінна сустрэла самадзейныя калектывы нашага, Ганцавіцкага, Баранавіцкага, Драгічынскага раёнаў.

Запраграмаваная на поспех і папулярнасць тэма, заўзятасць аматараў фальклору і іх самабытная творчасць, вясёлкавая радасць і захапленне яркімі фарбамі мінулай суботы, непаўторная сонечнасць атмасферы, у якой усё гэта адбывалася, – вось якім віхрыў-кружыў-спяваў-жартаваў грушаўскі фэст.

У выставе народнай творчасці ўразілі жарабковіцкія вышыванкі, дараўскія вырабы з саломкі і рукастваральныя кветкі, мыслабажская кераміка, свяціцкія зёлкі і разьба па дрэве, крывошынскія дэкаратыўна-прыкладныя вырабы.

Госці з іншых раёнаў паказалі свой майстар-клас: хто плёў лапці, хто праў кудзелю, хто ткаў паясы. А яшчэ дражнілі апетыт прысмакі беларускай кухні: тут табе каша ў гарбузе, юшка з рачной рыбы, дранікі, шкваркі, бліны – як жа смачна!

Да спадароў і спадарынь у нацыянальных касцюмах далучыліся паненкі «з вышэйшага свету» ў выкананні супрацоўніц бібліятэкі – як заўсёды, эфектна выглядалі дамы ў цывільным убранні дзевятнаццатага-пачатку дваццатага стагоддзяў.

Удзельнікі заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва «Апалон» выказвалі свае пачуцці фарбамі падчас адкрытага пленэра. У цэнтры ўвагі былі лагер мыслабажскага ваенна-гістарычнага клуба «Паходня», тэатральная пастаноўка «Легенда пра бусла» Конькаўскага СДК, гумарыстычныя замалёўкі ў выкананні тухавіцкіх, тальмінавіцкіх, востраўскіх, навасёлкаўскіх самадзейных артыстаў. Усе конкурсныя выступленні прагучалі так, што падчас звычайнага канцэрта іх бы абавязкова выклікалі на біс.

У намінацыі «Фальклорная песня» першае месца паехала ў Драгічынскі раён разам з народным сямейным аўтэнтычным фальк-лорным калектывам Лук’яновічаў. Дарэчы, нашы землякі – вакальны гурт «Таямніца» Жарабковіцкага СДК адзначаны другім месцам.

У намінацыі «Абрад» фальклорнае аматарскае аб’яднанне «Вяснянкі» з жарабковіцкім адрасам прызнана лепшым за пастаноўку абраду «Юр’е». А трэцяе месца ў гэтай намінацыі ў фальк-лорнага аматарскага аб’яднання «Купалінка» Навасёлкаўскага СДК – за абрад «Вялікдзень».

У «Найгрышы з прыпеўкамі» ўсе тры прызавыя месцы з ляхавіцкім адрасам: першае за Яўгеніяй Каспяровіч з Ліпскага СДК, другое – за Верай Буйкевіч са Свяціцкага СДК, трэцяе – за удзельніцамі народнага клуба ветэранаў «Сівізна» Валянцінай Сокал, Леакадзіяй Домаш, Сабінай Шклянік, Людмілай Фаміной.

Абсалютным пераможцам у намінацыі «Традыцыйныя рамёствы» на фэсце названы Дараўскі Дом рамёстваў – за саломапляценне.
Увогуле, на біс хочацца выклікаць усіх удзельнікаў фэсту. Сустрэнемся ў Грушаўцы праз год?!

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.