«Волат» не вытрымаў напору/абноўлена/

Пасля даволі працяглага міжкругавога перапынку аднавіўся чэмпіянат Брэсцкай вобласці па футболе. Стартавыя гульні другой паловы спаборніцтва адбыліся яшчэ 17-18 жніўня. Тады «Ляхавіцкі волат» гасцяваў у Бярозе, дзе прайграў лідару чэмпіёнскай гонкі сярод каманд усходняй зоны – мясцоваму «Крэчату». Нагадаем, што, акрамя дзвюх названых, зону таксама фарміруюць дружыны ФК «Ганцавічы» і «Іванава», «Мухавец» з Пружанскага раёна, РФСК «Атлант» з Кобрына і ААТ «Новая Прыпяць» з аграгарадка Альшаны Столінскага раёна.

У мінулую суботу футбалісты «Новай Прыпяці» былі ў гасцях у нашых «Волатаў». Сустрэча праходзіла на стадыёне «Колас».
З самага пачатку гульні альшанцы пайшлі наперад. Нашы больш абараняліся, атакавалі не часта і завяршальнага эфекту не мелі. У адрозненне ад каманды-саперніцы, якая прыкладна на 12 мінуце гульні ўжо адкрыла лік забітым мячам. «Волат» прыбавіў, і праздзясятак мінут лік матча стаў нічыйным – 1:1. На жаль, гэты галявы поспех стаў для ляхавічан адзіным у гульні. Першы тайм так і завяршыўся, а з пачаткам другога мячы ў вароты гаспадароў «пасыпаліся» адзін за адным. Фінальны свісток арбітра зафіксаваў паражэнне «Ляхавіцкага волата» – 1:8.

Просіцца аналогія: як у некаторых папярэдніх гульнях, сведкай якіх давялося быць, на другі тайм матча нашай каманды «не хапае». «Фізікі» не дастаткова, адзначыў на гэты конт адзін з балельшчыкаў – ветэран фізкультурнага руху раёна.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фотарэпартаж Івана Каваленка.