Факт-экспрэс-навіны

• ІЛЬГОТНЫЯ КРЭДЫТЫ НА НАБЫЦЦЁ БЕЛАРУСКІХ ТАВАРАЎ. Усе жадаючыя змогуць атрымліваць ільготныя крэдыты ў беларускіх рублях на спажывецкія патрэбы для набыцця ў гандлёвых арганізацыях беларускіх тавараў па пераліку, зацверджанаму пастановай Савета Міністраў. Такая норма змяшчаецца ў падпісаным 12 сакавіка Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка Указе № 152 «Аб унясенні змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2009 г. № 371». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Кіраўніка дзяржавы.
Раней у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2009 года № 371 «Аб ільготным спажывецкім крэдытаванні» такое права было прадастаўлена толькі малазабяспечаным грамадзянам.
Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.
• АБНАЎЛЕННЕ Ў СТАРШЫНЁЎСКІМ КОРПУСЕ. У двух сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах Ляхавіцкага раёна — новыя старшыні. У СВК «Шлях новы» на гэту пасаду абраны Аляксандр Мікалаевіч Вашчук. СВК «Канюхі» ўзначаліў Аляксей Аляксеевіч Кавальчык.
• САМБІСТЫ НЕ ЖАРТУЮЦЬ. Як паведаміў у рэдакцыю начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Георгій Барысевіч, у спартакіядзе ДЮСШ Рэспублікі Беларусь па барацьбе самба сярод юнакоў, якая 12-13 сакавіка праводзілася ў г. Баранавічы, прымалі ўдзел 13 ляхавіцкіх спартсменаў. Вучань трэнера Віктара Богуша Антон Цярпіцкі ў вагавай катэгорыі звыш 90 кг заняў у спаборніцтвах 5-6 месца.
• МАСАВА! Адбылася 13-я спартакіяда вучнёўскай моладзі раёна па гандболе сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 1998-1999 гадоў нараджэння. У ёй прынялі ўдзел 120 юных спарт-сменаў. Спаборнічалі ў дзвюх падгрупах: каманды гарадскіх і сельскіх школ. Сярод сельскіх першае месца ў Тухавіцкай, другое — Пранчакоўскай, трэцяе — Начаўскай СШ (хлопчыкі і дзяўчынкі). Самыя моцныя гарадскія гандбалісты вучацца ў СШ № 2, на другім месцы каманда СШ № 1, на трэцім — гімназіі. А сярод каманд дзяўчат месцы размеркаваліся наступным чынам: СШ № 2, гімназія, СШ № 1.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *