Дама з сабачкам

Даволі распаўсюджаная карціна: чалавек выгульвае свайго чатырохногага члена сям’і, а той бяжыць па прывычным маршруце, з прывычнымі прыпынкамі ля слупа, ля дрэва, ля лавачкі, не мінае пясочніцу. З усімі вынікаючымі з сабачай фізіялогіі абставінамі. І гэтыя «абставіны» застаюцца на траве, у пяску – паўсюдна, дзе прабегся і пакінуў свае меткі Шарык, і куды ідуць гуляць дзеці (хаця і дарослых такая «аздоба» не натхняе). Адразу ўношу яснасць: не трэба папракаць мяне ў нелюбві да братоў нашых меншых. У асабістай «гаспадарцы» маю сабаку Персіка і дзвюх кошак, якія з зайздроснай перыядычнасцю ашчасліўліваюць кацянятамі.

Любоў да братоў нашых меншых і клопат пра іх, безумоўна, робіць чалавека больш чалавечным. Важна – каб і больш адказным. Памятаеце бязмежна пранізлівае: мы ў адказе за тых, каго прыручылі. Маецца на ўвазе не толькі даць прытулак, накарміць, выгуляць, але прышчапіць, пралячыць і прыбраць за сваім любімцам. На жаль, наконт прыбраць – вялікае пытанне.
Практычна штодня ў скверыку ля фантана бачу жанчыну з сабачкам, а ў адным з двароў на цэнтральнай ляхавіцкай вуліцы выгульвае чатырохногага сябра пажылы мужчына. Пакета і савочка пры іх заўважана не было. Ні разу.

А вось і іншы сюжэт у тэму, вельмі трывожны і небяспечны, – бадзяжныя сабакі і каты. Не ведаю, як хто, але асабіста я заўсёды «перабольваю» іх позірк. Не выйсце гэта, аднак, заходжу ў магазін і купляю кавалачак ліверкі, каб пачаставаць кінутых-падкінутых, а можа народжаных ад кінутых-падкінутых. Думаецца і пра шаленства, і пра выпадкі, калі бадзяжныя зграі кідаюцца на людзей, а яшчэ пра тое, што ва ўсім гэтым вінаваты чалавек. Хацелася яму сабачку ці коціка – завёў. Аказалася, любімчыка трэба «абіходжваць», прычым рэгулярна. Надаела, абрыдла данельга, любімчык стаў абузай? Выбіраецца цынічнае рашэнне: адмовіць яму ў пражыванні на квадратных метрах кватэры-дома-двара, выкрасліць з душы, а для гэтага – вывезці куды-небудзь, каб не вярнуўся ў кватэру-дом-двор. Пра душу гаворка тут яўна лішняя.

Дзівакамі лічаць людзей, якія актыўна не згодныя з такою з’явай і расцэньваюць яе як жорсткасць. Яны падбіраюць бяздомных мурак і тузікаў, намагаюцца, каб прыстроіць іх у сем’і. У раёне і наогул узор клапатліва-камфортнай далікатнасці ў адносінах да братоў нашых меншых – заагасцініца ў Коньках (праўда, паслуга гэта платная), якую арганізавалі і трымаюць людзі добрыя. А нядобрыя пазбаўляюць сваіх «заа» элементарных умоў, якія б дазволілі тым не трапіць у зграю вечна галодных, іншы раз агрэсіўных чатырохногіх бамжоў, не стаць небяспечнымі для людзей.

…У адным з мінскіх сквераў дзяўчынку пакусала такса. На твар накладзена мноства швоў. Малышка праходзіць лячэнне, і яно будзе працяглым.

…У горадзе N зграя сабак напала на пажылую жанчыну. Адбіцца дапамаглі прахожыя.

…Узятае з вясковай вуліцы кацянё аказалася шалёным, усёй сям’і давялося праходзіць поўны курс прышчэпак.

На жаль, такой інфармацыі хапае. Як хапае і іншай – пра выкінутых з акна высокага паверха чатырохногіх гадаванцаў, пра здзекі хуліганаў над жывёламі.

Цар-гаспадар прыроды – чалавек. І як жа не па-царску тое, што ставіць пад сумненне цывілізаванасць у нашым касмічна-алічбаваным трэцім тысячагоддзі. Нехта з вялікіх сцвярджаў: веліч нацыі і ступень яе духоўнага развіцця вызначаецца тым, як гэта нацыя ставіцца да жывёл. Задумаемся?

Вольга БАРАДЗІНА.