Гучыць гімн Ірыны Войцік

Яна любіць вясну. Яна ў захапленні ад восені і зімы. Але яе галоўная пара года – лета, а самы лёсавызначальны месяц – жнівень. У жніўні нарадзілася (днямі адзначыла юбілей), у жніўні з дыпломам пад нумарам адзін аб заканчэнні Баранавіцкага музвучылішча прыйшла на працу, у жніўні было вяселле Ірыны і Барыса (а сёлета адсвяткавалі і залатое).

Гаворка пра Ірыну Войцік, педагога, музыканта, асобу творчую, таленавітую, чалавека мудрага, добразычлівага, жанчыну надзейную і прывабную, якая і жонка, і мама, і бабуля самая-самая.

Юбілейная Ірына Мікалаеўна ў душы па-ранейшаму аптымістка, у справах – актывістка, у творчасці – заўсёды пры натхненні, а ў біяграфіі – з вельмі адметным радком-падзеяй: гэта яна, Ірына Войцік, аўтар гімна беларускіх прафсаюзаў. Прызнаецца, не надта разлічвала на перамогу ў рэспубліканскім конкурсе, таму вестка пра поспех была прыемна-нечаканай і ўсё ж… чакана-жаданай.

Наша зямлячка і сёння музіцыруе, спявае, вучыць ігры на баяне тухавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак, радуе сваёй творчасцю ўдзельнікаў сельскай мастацкай самадзейнасці, не лезе ў кішэню за трапным жартам і толькі зусім нядаўна перастала ганяць на скутары. А ў самыя шчаслівыя хвіліны, іншы раз і ў сумныя, яна іграе паланэз Агінскага. Ах, гэты паланэз… І яе Барыс расчульваецца пад любімую мелодыю, і дзеці-ўнукі прымаюць чароўныя гукі сэрцам. Прыгожа. Непаўторна. Неперадавальна. Асабліва калі фонам падыгрывае жнівень. Яе жнівень.

Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.