Ёсць пачатак. Кукурузны. У Ляхавіцкім раёне вядзецца закладка сіласу

Шматгадовыя травы скошаны і ўбраны не па адным ужо разе, уборка каласавых зерневых таксама стала гісторыяй. А частка механізатараў – хто зусім яшчэ нядаўна «пісаў» тую гісторыю –
пераключыліся на іншыя клопаты, у тым ліку, уборку кукурузы.
Як паведамілі ў райсельгасхарчы, ураджайныя віды знаходзяцца ў прамой залежнасці ад аптымальнасці пасяўных тэрмінаў, паўнаты і якасці выканання работ па доглядзе і г.д. Умовы надвор’я, канешне, таксама адыгрываюць сваю ролю, але яны для ўсіх аднолькавыя. Канчаткова меркаваць пра тое, наколькі ўдалася сёлета кукуруза (а на зялёны корм і сілас яе ў раёне пасеяна і вырашчана больш за 5000 гектараў), можна будзе толькі пасля ўборкі. Да яе прыступілі толькі некалькі сельгасарганізацый раёна. Па стане на раніцу ўчарашняга дня – ААТ «Шлях новы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» і ДП «Нача».

Пад жатку камбайна трапляюць пакуль не самыя ўраджайныя плошчы, але і з ўлікам такой «падводкі» сэрвісаўскі зялёны кукурузны гектар выглядае даволі марна: кожны са 160 ужо ўбраных гектараў даў у сярэднім каля 80 цэнтнераў зялёнай масы. У «Шляху новым» гэты крытэрый паспяховасці амаль утрая больш высокі –
220 цэнтнераў. Дарэчы, іменна «Шлях новы» з’яўляецца «трымальнікам» самага вялікага ў раёне кукурузнага кліна: толькі на зялёную масу яго ў гаспадарцы амаль 1200 гектараў.
Важкі кукурузны гектар вырасцілі ў «Начы»: кожны з паўсотні ўбраных парадаваў аграрыяў 420 цэнтнерамі зялёнай масы.

Іван КАВАЛЕНКА.