Павінна быць чыста. Выкананне юрыдычнымі і фізічнымі асобамі правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый у Ляхавічах – тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама

Пра парушэнні, што выявілі спецыялісты райЦГіЭ «ЛВ» пісаў у № 65 за 24 жніўня («А ў вас у двары»). З 20 па 23 жніўня абследаванне падведамасных тэрыторый правяла і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Начальнік райінспекцыі Уладзімір Пятроўскі сярод парушальнікаў назваў нямала адрасоў. Некаторыя з іх па вуліцы Працоўнай.

Так, у ТАА «Ібіра» адходы не збіраюцца паасобна; на тэрыторыі былой СПМК-18 цяперашні землекарыстальнік ІП Тупік Д. Л. так і не навёў парадак, няма яго і на тэрыторыі, якую цяпер займае ІП Гатоўчыц С. А. Дарэчы, «ЛВ» яшчэ вясной звяртаў увагу на факты безгаспадарчасці на Працоўнай падчас сумеснага рэйду раёнкі і санслужбы.

Такі «парадак» у землекарыстальніка ІП Тупіка.

У справаздачах санітарнай і прыродаахоўнай службаў неаднойчы гучала з адмоўнага боку ТАА «МетЛітЭкспарт». Зусім не пасавалі гораду і звалка раслінных адходаў, якую ўтварылі нядобрасумленныя грамадзяне ў раёне гаражнага масіву па вуліцы Юбілейнай. Яшчэ адзін такі ж аб’ект «раскватараваўся» па вуліцы Энергетыкаў, 64. А на тэрыторыі лясгаса каля складоў хімбазы райаграсэрвіса грувасцяцца вытворчыя адходы. Просіцца парадак і на стаянку для аўтатранспарту ПМК-13. Неабходна паспяшацца яго навесці, як гэта зрабіла, напрыклад, ляхавічанка, каля дома якой па вуліцы Горкага  знаходзіліся будаўнічыя адходы. Пасля папярэджання ад прыродаахоўнай службы гаспадыня з дапамогай транспарту камунгаса звалку ліквідавала.

Тэрыторыя ТАА «МетЛітЭкспарт».

Па інфармацыі Уладзіміра Пятроўскага, у адрас землекарыстальнікаў-парушальнікаў адпраўлены інфармацыйныя пісьмы аб неабходнасці ўхілення выяўленых парушэнняў. Па двух парушэннях пачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне заканадаўства абабыходжанні  з адходамі.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі патрабаваў ад кіраўнікоў арганізацый розных форм уласнасці навесці і падтрымліваць належны парадак на падведамасных тэрыторыях, а ад спецыялізаваных службаў – санітарнай, прыродаахоўнай, землеўпарадкавальнай – трымаць стан добраўпарадкавання, у тым ліку і на прысядзібных участках гараджан, пад пастаянным пільным кантролем.

– У горадзе і сельскіх населеных пунктах павінна быць чыста – гэта люстэрка парадку, своеасаблівая візітоўка нашага райцэнтра, – рэзюмаваў Аляксандр Камінскі.

Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва райЦГіЭ.