Ляхавіцкая ПМК-17 пачала капітальны рамонт з мадэрнізацыяй

Да новага года ў жыхароў дома № 50 па вуліцы Леніна ў райцэнтры будзе міні-наваселле — новы дах. Літаральна днямі Ляхавіцкая ПМК-17 пачала тут капітальны рамонт з мадэрнізацыяй (работы плануюць завяршыць да 28 снежня). Толькі на ўладкаванне новага даху з раённага бюджэту ўжо выдаткавана 640 мільёнаў рублёў. Як расказаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Богнат, гэта першы этап рэканструкцыі. На наступны год запланаваны рамонт фасада і добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі.
Дачакалася рамонту і вуліца Цітовіча. За яго ў адказе ДРБУ-200. Па словах Валерыя Богната, у перспектыве гэту вуліцу райцэнтра будзе не пазнаць — дарога заасфальтуецца, уздоўж яе з’явяцца бардзюры, а з аднаго боку — бетонна-асфальтная дарожка. Сёлета тут пачнуцца падрыхтоўчыя работы. Асноўная ж частка непасрэдна рамонтных работ запланавана на наступны год.
Мяняе аблічча і вуліца Інтэрнацыянальная. Зараз работнікі ДРБУ-200 укладваюць асфальт на дарозе, ПМК-13 — ліўневую каналізацыю (выканана 80 працэнтаў запланаваных работ), пачата будаўніцтва лакальных ачышчальных збудаванняў. Ідзе добраўпарадкаванне вуліцы — паабапал дарогі ўжо ўладкоўваюцца бардзюры. Да канца года вулічная дарога апранецца ў новенькі асфальт. Дарэчы, блізіцца наваселле і ў ЖБСК-16 — дом павінен быць здадзены ў эксплуатацыю праз некалькі тыдняў.
А яшчэ хутка зазіхацяць новымі вокнамі дзіцячыя сады №№ 1 і 3 нашага райцэнтра.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *