Факт экспрэс-навіны

· «Моладзь за бяспеку». Рэспубліканская акцыя пад такой назвай прайшла ў мінулую нядзелю на рыначнай плошчы ў Ляхавічах. Як паведаміў начальнік РАНС Валерый Равінскі, супрацоўнікі аддзела сумесна з педагогамі, культработнікамі, валанцёрамі, прадстаўнікамі Белдзяржстраху і Чырвонага Крыжа раздавалі прахожым, а таксама пасажырам гарадскога аўтобуса буклеты, міні-плакаты, іншую інфармацыйна-даведачную друкаваную прадукцыю з правіламі паводзін не толькі пры пажары, але і ў іншых надзвычайных сітуацыях. Аналагічную інфармацыю вадзіцелі аўтатранспартных сродкаў атрымлівалі ад дзяржаўтаінспектараў. Па радыёвузлах на аўтобуснай і чыгуначнай станцыях трансліраваліся аўдыёролікі аб правілах супрацьпажарнай бяспекі і прафілактыкі надзвычайных сітуацый.
· Фотаконкурс. Раённая арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа праводзіць фотаконкурс «Сувязь і салідарнасць пакаленняў». Удзел у конкурсе могуць прыняць усе жадаючыя. Фотаработы прымаюцца ў друкаваным і электронным варыянце да 12 лістапада 2012 года па адрасе: 225372, г. Ляхавічы, вул Юбілейная, 19, кабінет 10. Даведкі можна атрымаць па тэлефоне: 2-03-20.
· Дабрачыннасць. Як расказала першы сакратар райкама БРСМ Ларыса Юшкевіч, у раёне праходзіць маладзёжная акцыя «Асенні марафон», падчас якой старшакласнікі-валанцёры школ горада дапамагаюць пажылым людзям дастаўляць дамоў цяжкія пакупкі. Акцыя праходзіць упершыню, аднак члены маладзёжнай арганізацыі раёна выступілі з прапановай зрабіць гэтую справу традыцыйна-штогадовай. Людзі шаноўнага ўзросту нават могуць зрабіць папярэднюю заяўку на дастаўку пакупак з кірмашу. Трэба толькі папярэдне патэлефанаваць па нумары 2-44-01, і валанцёры прыйдуць на дапамогу.
· Па сілах. Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Ляхавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запрашае на аплачваемыя грамадскія работы непрацуючых інвалідаў працаздольнага ўзросту па спецыяльнасцях загатоўшчык папяровых пакетаў; вытворца дэталяў і вырабаў з бісеру.
Даведкі па тэл. 2-16-77.
· Восеньскі кірмаш. У суботу, 27 кастрычніка 2012 г., на базарнай плошчы ў г. Ляхавічы адбудзецца восеньскі кірмаш.
Аргкамітэт запрашае ляхавічан за пакупкамі!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *