Крок у другое тысячагоддзе. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 6 верасня рабочую паездку ў Брэст, дзе ў гэтыя дні праводзіліся асноўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да тысячагоддзя горада

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з праведзенай работай па падрыхтоўцы да святкавання тысячагоддзя горада, пацікавіўся сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна, а затым прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Заходняга абходу Брэста.

Сімвалічную стужку разам з Прэзідэнтам перарэзалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук
і генеральны дырэктар ААТ «Будаўнічы трэст № 8» Павел Сацута.

На цырымоніі адкрыцця таксама прысутнічалі прадстаўнікі працоўных калектываў дарожна-будаўнічых арганізацый, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні развязкі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на вялікае значэнне краіны для міжнароднага транзіту грузаў і выказаў перакананне, што Заходні абход Брэста не толькі знізіць нагрузку на цэнтр горада, пазбавіць яго жыхароў і гасцей ад пробак, але і стане важным аспектам у развіцці эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу рэгіёна і ўсёй краіны.
Ён асабліва адзначыў, што развязку спраектавалі і пабудавалі брэсцкія спецыялісты. Гэта сведчыць аб наяўнасці ў краіне неабходных кампетэнцый, а паслугі беларускіх будаўнікоў запатрабаваны і за мяжой. «Рэалізацыя праекта стала паказальным прыкладам эфектыўнага выкарыстання часу і рэсурсаў, умення ўлад працаваць з насельніцтвам. Вельмі добра, што вы нікога не пакрыўдзілі», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Вы стварылі інфраструктурны аб’ект найвышэйшага ўзроўню ў сціслыя тэрміны і значна палепшылі жыццё брастаўчан. Не на словах, а на справе ўнеслі свой уклад у развіццё Беларусі – краіны для нашага жыцця, жыцця нашых дзяцей», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт наведаў урачыстае мерапрыемства ў цэнтры горада, прысвечанае пачатку святкавання юбілейнай даты. «Сёння мы разам адзначаем тысячагоддзе Брэста, аднаго са старажытнейшых беларускіх гарадоў, які па праву лічыцца скрыжаваннем часоў і народаў. Яго гісторыя – здабытак усёй нашай краіны, яго сучаснае аблічча – падстава для агульнага гонару», – заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Брэстчына ўяўляе сабой узор стабільнага развіцця: ад эфектыўнага земляробства да найвышэйшых тэхналогій, канстатаваў, што Брэст адкрывае вароты ў Беларусь – прыгожую, моцную, міралюбівую краіну, якая заўсёды сардэчна прымае гасцей. «Менавіта нам з вамі – сучаснаму пакаленню беларусаў – выпаў гонар святкаваць гэты вялікі юбілей. Мы рыхтаваліся да яго ўсёй краінай. І сёння горад сустракае свой міленіум абноўленым, яшчэ больш добраўпарадкаваным і прыгожым. Мы з вамі сёння зрабілі крок у другое тысячагоддзе», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
«У юбілейны год вы паказалі сваю сапраўдную любоў да роднага горада не на словах, а на справе. Яна ва ўтульнасці, прыгажосці, якую вы стварылі за апошнія тры гады, у шчырым імкненні ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне вуліц, паркаў, двароў», – звярнуўся Прэзідэнт да жыхароў абласнога цэнтра. Ён пажадаў ім захаваць унікальную атмасферу Брэста, імкненне да прагрэсу, уменне працаваць на карысць свайго горада і ўсёй Беларусі, а таксама перадаць гэтыя каштоўнасці сваім дзецям, навучыць іх гэтак жа любіць малую радзіму і зберагчы лепшыя традыцыі на многія стагоддзі наперад.
На ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным святкаванню тысячагоддзя Брэста, Аляксандр Лукашэнка падарыў жыхарам горада ўнікальны экзэмпляр Брэсцкай, або так званай Радзівілаўскай Бібліі. Ад жыхароў Брэста Кіраўніку дзяржавы ўручылі мастацкую кампазіцыю ў выглядзе хрустальнай вазы з валошкамі.
Пасля ўдзелу ва ўрачыстым мерапрыемстве Аляксандр Лукашэнка наведаў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».
 

Па матэрыялах БЕЛТА

Фота БЕЛТА