Сустрэнемся на сесіі. Верасень у статусе студэнтаў пачалі 95 са 184 сёлетніх выпускнікоў школ Ляхавіччыны

Сярод навучальных устаноў, што сёлета сталі альма-матэр для нашых землякоў – нядаўніх выпускнікоў школ раёна, па-ранейшаму лідзіруюць Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.

Многія нашы абітурыенты выбралі лінгвістычныя факультэты. А выпускніца гімназіі Вольга Кобель стала студэнткай факультэта кітайскай мовы і культуры (выкладанне) са спецыялізацыяй камп’ютарная лінгвістыка ў МДЛУ. Дзяўчына прызнаецца, што яе вельмі вабіць кітайская культура, таму і выбрала такую спецыяльнасць. Цяпер марыць пра стажыроўку ў Паднябеснай. Пра студэнцкае жыццё расказвае са словамі «клас», «супер», «цудоўна». Магчыма, кажа Вольга, справа ў людзях, што побач, – таленавітых выкладчыках, добразычлівых аднагрупніках.
56 працэнтаў выпускнікоў педага-гічнага класа, што дзейнічаў на базе
СШ № 2, – будучыя педагогі. Мэтанакіравана ішла да сваёй мэты – стаць настаўніцай – і Дар’я Коршун. Сёння дзяўчына – студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.
Крыху статыстыкі. Самы вялікі працэнт паступлення выпускнікоў у ВНУ – у гімназіі, Жарабковіцкай і Востраўскай школах, СШ № 2. А вось рэзультатыўнасць ЦТ лепшая ў гімназістаў, вучняў СШ № 2 і
СШ № 1, Жарабковіцкай, Тальмінавіцкай, Востраўскай, Ліпскай школ.
Дарэчы, выпускніца апошняй Кацярына Дыдышка цяпер спасцігае азы культуралогіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Для братоў Рамана і Антона Клімовічаў (на здымку) раніца 2 верасня пачалася на страявым плацу Інстытута пагранічнай службы, дзе адбыўся ўрачысты мітынг. Да гэтага курсанты-пагранічнікі рыхтаваліся, знаёміліся са службай у навучальным цэнтры Інстытута. Клімовічы прызнаюцца, што вельмі рады: марылі апрануць ваенную форму са школы. Лёгкай службы, землякі!

Фота з архіва Інстытута пагранічнай службы.


Эдуард Казак (СШ № 1), пра поспехі якого раёнка пісала неаднойчы, за
першы тыдзень вучобы даведаўся пра перспектывы працягваць даследчую дзейнасць. Так што чакаем новыя перамогі і вынаходніцтвы нашага земляка – цяпер ужо студэнта факультэта прыродазнаўства БДПУ.