Что объединяет ляховичанок Людмилу Поджарову и Светлану Бунич?

Што аб’ядноўвае ляхавічанак Людмілу Паджараву і Святлану Буніч? Вельмі многае. Работа, напрыклад. Яны абедзве працуюць у раённым вузле электрычнай сувязі: іх працоўныя біяграфіі тут пачаліся таксама адначасова — у 1986 годзе (і зноў супадзенне) пасля заканчэння Віцебскага каледжа сувязі. Цяпер Людміла Паджарава — дыспетчар сувязі, гэта яе прыемны голас можна пачуць, набраўшы нумар «108». Яна каардынуе дзейнасць станцыйнага і лінейнага ўчасткаў, прымае заяўкі ад абанентаў на рамонт тэлефонаў, перадае іх электраманцёрам. Святлана Буніч — электрамеханік-дзяжурны, падчас дзяжурства адказвае за работу ўсіх сродкаў сувязі і ўсяго станцыйнага ўчастка.
— Адказныя, дысцыплінаваныя, добрасумленыя работнікі і вопытныя спецыялісты, якія ведаюць усе нюансы сваёй справы, — гаворыць начальнік РВЭС Анатолій Лукашэвіч.
Аднолькавыя ў Святланы і Людмілы і адносіны да людзей — шчырыя, добразычлівыя, яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, да жыцця — аптымістычныя і ўдзячныя. А яшчэ кожная з іх — лепшы сябар і дарадчык для дзяцей. Нехта спытае, адкуль столькі супадзенняў? Усё вельмі проста: Святлана Буніч і Людміла Паджарава — сёстры-двайняты. А што датычыцца прафесіяналізму і адданасці прафесіі, то ў іх гэта — сямейнае. Яшчэ адна сястра (а ўсяго ў сям’і 5 дзяцей) таксама электрасувязіст.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *