Адзнака за паўгоддзе. Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны за студзень-чэрвень 2019 год

Станоўчая дынаміка не падстава для самазаспакаення, а стымул для ўдасканалення. І гэта тычыцца кожнага калектыву, службы, прадпрыемства. Такую задачу паставіў перад кіраўнікамі арганізацый раёна старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі на жнівеньскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны за студзень-чэрвень 2019 года – адно з пытанняў парадку дня.

Са знакам плюс

Выкананы амаль усе даведзеныя раёну паказчыкі, праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. Экспарт тавараў склаў 105,1 працэнта пры заданні 103,4 працэнта. У эканоміку раёна прыцягнута 1,4 мільёна долараў замежных інвестыцый (запланаванае перавыканана ў два разы), у асноўным за кошт рэінвестыцый СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». 55 землякоў (пры заданні 35) працаўладкаваны на новыя працоўныя месцы, створаныя ў сямі новых прадпрыемствах. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі склала 2,7 працэнта пры заданні на год 1,2 працэнта. Аб’ёмы выпуску сельскагаспадарчай прадукцыі, будаўніча-мантажных работ, інвестыцый у асноўны капітал, рост сярэднямесячнай зарплаты – усё таксама са знакам плюс. У дадатак да гэтага і станоўчы мінус па энергазберажэнні.

Сельскагаспадарчыя праблемы і здабыткі

Намеснік старшыні райвыканкама падкрэсліў, што, нягледзячы на рост аб’ёмаў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, існуюць праблемныя моманты, якія неабходна вырашыць да канца года. Так, заданне першых шасці месяцаў па тэмпах росту не выканалі ААТ «Шлях новы», райаграсэрвіс, КСУП «Ліпнянка». А вось за студзень-ліпень па ўсіх сельгаспрадпрыемствах – залік.

Андрэй Навагран акцэнтаваў увагу на праблемах, што маюць месца ў малочнай галіне. За шэсць месяцаў вытворчасць малака ў цэлым па раёне склала 99,3 працэнта, за сем – 99,4 працэнта. Валавы надой сур’ёзна ўпаў у райаграсэрвісе (88,7 працэнта), «Шляху новым» (89,4 працэнта). Са жніўня сітуацыя пачала выпраўляцца: усе сельгас-прадпрыемствы выйшлі на стопрацэнтны ўзровень па вытворчасці малака.

Куды лепшыя паказчыкі ў расліна-водстве. Валавы збор збожжа і рапсу сёлета ў паўтара разы больш леташняга, а ўраджайнасць самая высокая на Брэстчыне: 42,1 і 35,5 цэнтнера з гектара адпаведна. За паўгоддзе ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны атрымалі 2,4 мільёна рублёў чыстага прыбытку – 130 працэнтаў да такога ж перыяду ў 2018 годзе.
Дакладчык звярнуў увагу на тое, што найбольш неспрыяльная сітуацыя склалася ў «Шляху новым», дзе асабліва адчувальны падзеж БРЖ, зніжэнне пагалоўя і выхаду цялят, рост крэдыторскай запазычанасці, падзенне вытворчасці малака і г.д.

Асноўнай прычынай пагаршэння сітуацыі названы адсутнасць элементарнай дысцыпліны ў сельгас-прадпрыемстве і кантролю з боку яго кіраўніцтва.

Інавацыйны падыход

Плюсуе ў раёне паказчык па вытворчасці інавацыйнай прадукцыі. Дзе «засвяціліся» інавацыі?

На малочным заводзе пачалі выпускаць кісласметанковае масла. З чэрвеня жылкамунгас вырабляе новы для сябе від прадукцыі – пластыкавыя вокны. Абнаўленнем асартыменту радуе спажыўцоў і кансервавы завод. У чацвёртым квартале 2019 года наш ільнозавод плануе наладзіць вытворчасць ільнянога алею.
Адным з буйных вытворцаў інавацыйнай прадукцыі ў раёне з’яўляецца ТАА «Фермент», дзе вырабляецца 38 найменняў кармавых дабавак і рэгулятараў росту раслін.

Да выпуску інавацыйнай прадукцыі маюць дачыненне і малыя прадпрыемствы. Так, ТАА «МетЛітЭкспарт» пачало выраб паліўных брыкетаў з дрэва. ТАА «Кампазітная кампанія» займаецца вытворчасцю вырабаў з тэрмапластычных палімерных матэрыялаў. ТАА «Акусцікмаш» вядома як вытворца цеплагукаізаляцыйных матэрыялаў для заводаў «МАЗ», «Амкадор», «БЕЛАЗ».

Каму патрабуецца  перазагрузка

Згодна статыстычнай справаздачнасці, у Ляхавіцкім раёне ў першым паўгоддзі былі тры стратныя арганізацыі: райпо, райпалівазбыт, ПМС. Агульная сума чыстых страт вырасла на чвэрць у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Што тычыцца райпо і ПМС, якія ў мінулым годзе былі прыбытковымі, то, па словах Андрэя Наваграна, страты дапушчаны з-за зніжэння аб’ёмаў вытворчасці, росту затрат на аплату працы, на рамонты будынкаў і тэхнікі. У райвыканкаме абмяркоўваліся меры па выха-дзе на бясстратную работу гэтых арганізацый. Па выніках 7 месяцаў райпо спрацавала без страт. У бліжэйшы час павінна вырашыцца сітуацыя ў ПМС.

На жаль, спіс стратнікаў можа папоўніцца за кошт ПМК-13: пры адсутнасці іншых аб’ектаў, акрамя 40-кватэрнага жылога дома, прыбытковая работа па выніках года не прагназуецца.
Згодна рашэння райвыканкама, кіраўнікі яго структурных падраздзяленняў, а таксама арганізацый і прадпрыемстваў павінны прыняць вычарпальныя меры па забеспячэнні ў другім паўгоддзі паскора-ных тэмпаў росту развіцця эканомікі і выканання ўсіх даведзеных паказ-чыкаў і заданняў. На парадку дня і забеспячэнне суадносін тэмпаў росту прадукцыйнасці працы і налічанай сярэднямесячнай зарплаты.

Галіна КАНЬКО.