Званок на аграўрок. Каляджане прыступілі да заняткаў

У мінулы панядзелак да вучэбных заняткаў прыступілі і навучэнцы ССНУ, студэнты. Шумна, у добрым сэнсе, стала і ў нашым агракаледжы. Утульныя аўдыторыі і лабараторыі таксама выйшлі з канікулаў і адпускоў і на поўную моц загрузіліся навучэнцамі.

Урачыстая лінейка з нагоды пачатку навучальнага года сабрала больш за 470 юнакоў і дзяўчат на  пляцоўцы перад галоўным корпусам установы. Яны ведаюць, што год ізноў напоўніцца яркімі момантамі, цікавымі адкрыццямі, дасягненнямі. А вось навабранцы ў гэты дзень хваляваліся, яны ў прадчуванні самастойнага дарослага жыцця. Сёлетні набор будучых аграрыяў – шэсць вучэбных груп, гэта 156 рабят. Пашчасціла крочыць побач з імі куратарам Таісіі Шпак, Тамары Юргель, Вользе Савасцюк, Юліі Гульковіч, а таксама дэбютантам куратарскай справы Сяргею Сокалу і Дзмітрыю Пянткоўскаму.


Сярод ганаровых гасцей лінейкі – першы прарэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Унсовіч, які павіншаваў усіх і пажадаў поспехаў у вучобе і працы.
Лінейка – не толькі старт навучальнага года, гэта і фінішная прамая для агляду-конкурсу на лепшую вучэбную групу. Крытэрыяў шмат, таму стаць прызёрам для рабят ганарова і прыемна. Тым больш за перамогу каляджане адпраўляюцца ў падарожжа па Беларусі. Залатая прыступка – у 21 «Вет», другое месца заняла 41П, трэцяе – 31П. Безумоўна, шчаслівыя. І цяпер збіраюцца паехаць на гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», наведаць Мір і Нясвіж.
Дарэчы, каледж да сустрэчы з навучэнцамі падрыхтаваўся капітальна. Досыць заглянуць у вучэбныя аўдыторыі – камфортна, прасторна, утульна. Але галоўнае – аснашчанасць сучасным абсталяваннем і сродкамі навучання. Напрыклад, у адной з лабараторый усталяваны макет каровы для навучання штучнаму асемяненню. Такі падарунак коштам 28 тысяч рублёў прафінансавала Міністэрства адукацыі, як і, дарэчы, новы аўтамабіль для заняткаў. Новы мультымедыйны комплекс таксама заняў месца у аўдыторыі і гатовы працаваць на паляпшэнне якасці адукацыйнага працэсу. Новае аблічча і ў спартыўнай залы.


Інтэрнат, дзе атрымалі месцы ўсе, хто мае патрэбу, касметычна абнавіўся. Прыгажосць у пакоях і калідорах, рамонтныя работы праведзены і ў санвузлах. А яшчэ парадавалі навасельцаў новыя пластыкавыя вокны. Дарэчы, каляджане з першых вучэбных дзён сілкуюцца ў сталоўцы, дзе таксама прайшлі «касметычныя» работы.
У распараджэнні навучэнцаў і педагогаў – вучэбна-вытворчыя майстэрні, аўта- і трактарадром, цяпліца, пчальнік. У плодагадавальніку, напрыклад, усталявалі новыя шпалеры для вінаграду. Зусім хутка запрацуе і ветэрынарная клініка, куды кожны можа прывесці на прыём сваіх махната-вусатых сяброў.
Асаблівасць вучэбнага набору-2019 – надзвычай шырокая геаграфія прыбыцця абітурыентаў. Ёсць рабяты з Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай абласцей. Лідзіруе ўсё ж Баранавіцкі раён. Як паказала практыка, патэнцыяльныя навучэнцы пазнаёміліся з навучальнай установай падчас «кірмашу вакансій», дзе ЛДАК сябе ярка прэзентаваў.
Даспадобы юнакам і дзяўчатам і магчымасць пасля заканчэння каледжа працягваць вучобу па праграме бесперапыннай інтэграванай сістэмы прафесійнага навучання: выпускнікі каледжа могуць атрымаць вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, Віцеб-скай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце па скарочанай праграме. У гэтым годзе па такой праграме студэнтамі сталі 22 са 102 цяпер ужо былых каляджан. 

Маргарыта КУХТА. 

Фота аўтара.