На Ляхавіччыне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні

Разам — сіла, прычым ва ўсім, і любая справа ладзіцца хутчэй, якасней і весялей. Яскравае пацвярджэнне таму традыцыйныя месячнікі па добраўпарадкаванні. Усе мы, хто на працоўных месцах, хто ў дварах, на вуліцах гарада і вёсак, хто на палях сельгаспрадпрыемстваў ці на добраўпарадкаванні палацава-паркавых ансамбляў, мемарыяльных месц, — шчыруем ад душы. Усведамляем, што робім важную і патрэбную справу — уладкоўваем кожны куточак роднай зямлі, робім яго больш чыстым, прыгожым і ўтульным.
Актыўны ўдзел у восеньскім месячніку па добраўпарадкаванні, які на Ляхавіччыне праходзіць з 15 кастрычніка па 15 лістапада, прымаюць працоўныя калектывы ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў незалежна ад формы ўласнасці і ведамаснай прыналежасці, школьнікі і навучэнцы аграрнага каледжа. Не павінны застацца ў баку ад навядзення парадку члены садаводчых і гаражных кааператываў, жыльцы шматкватэрнікаў, дбайныя гаспадары — усім трэба навесці парадак на ўласных падворках.
Сёлетняя восень парадавала шчодрым ураджаем, які трэба не толькі сабраць, але і захаваць. Вось і ўцяпляюцца не толькі дамы і кватэры, але і гаспадарчыя пабудовы, падвалы. Ачышчаюцца ад смецця і бруду прыдарожныя палосы, выграбаюцца лісце і сухія галінкі з-пад дрэў, выконваецца шэраг іншых работ, каб належным чынам падрыхтавацца да зімы. Галоўным здабыткам гэтых намаганняў стануць папрыгажэўшыя вуліцы, паркі, скверы, а, значыць, і само жыццё.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *