Ляхавіччына:для некаторых дакументальных уладальнікаў «домік у вёсцы» становіцца чамаданам без ручкі

Шырокую гаму пачуццяў выклікае выгляд пакінутай сядзібы. Той, якую час і адсутнасць увагі з пакінутай пераўтварылі ў закінутую. Гукарад гэтай гамы далёкі ад мажорнага. Хутчэй наадварот — дамінуюць ноткі зусім невясёлыя. І, думаецца, справа тут не ў асабістых уласцівасцях характару кожнага з нас. Гэта агульначалавечы, нармальны рэфлекс на відовішча «разбуранага гнязда». Вызначацца з акцэнтамі —  у якой ступені добра ці наколькі нядобра — не бяромся, аднак факт даўні і відавочны: пустуючых і — нярэдка — трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці з гадамі менш не становіцца. Асабліва ў населеных пунктах невялікіх, размешчаных наводшыбе вытворчасці і транспартных шляхоў. Але не толькі: напрыклад, у любімым намі і ва ўсіх адносінах дастаткова камфортным раённым цэнтры, па статыстыцы на пачатак верасня, у катэгорыю пустуючых і трухлявых трапляюць 24 дамы.
На долю гарадскіх прыпадае крыху менш за 2 працэнты ў агульным «масіве» пустуючых на Ляхавіччыне дамоў. Усяго такіх — 1208, раскіданых з рознай шчыльнасцю па тэрыторыях сельскіх адміністрацыйных адзінак. Колькаснае першынство захоўваецца за Падлесскім сельсаветам, дзе знаходзіцца 168 пабудоў гэтай катэгорыі. Далей — з тэндэнцыяй на ўбыванне: Начаўскі, Куршынавіцкі, Жарабковіцкі, Крывошынскі і Навасёлкаўскі ў аднолькава роўнай адпаведнасці, Востраўскі, Ганчароўскі, Альхоўскі, Свяціцкі і Конькаўскі. У межах названага апошнім і далёка не самага малога на Ляхавіччыне сельсавета знаходзіцца ўсяго 21 пустуючы дом. Факт, які ў пэўным сэнсе пацвярджае раней ужо выказанае меркаванне аб прамой залежнасці выгаднай геаграфіі населенага пункта і «арыфметыкі» пустуючых там дамоў. Сельсавету, асабліва блізкім да адміністрацыйнага цэнтра вёскам, у гэтым сэнсе выпаў выйгрышны білет. Знаходжанне на паўдарозе паміж Ляхавічамі і куды больш індустрыяльна магутнымі Баранавічамі даюць жыхарам права, найперш, працоўнага выбару. Нягледзячы на безумоўную важнасць многіх іншых рэчаў, тое, без чаго нельга. Гэта матрыца, якая ў найбольшай ступені фарміруе формулу жыцця кожнага чалавека. Частыя рэйсы маршрутнага транспарту спрашчаюць выбар максімальна, набліжаюць гэтыя гарады на адлегласць кроку.
Прыклад, пра які нельга не ўзгадаць, таксама «каранямі» з Конькаўскага сельсавета і з’яўляецца адзінкавым у сваім родзе ў раёне. У 2010 годзе адзін з дамоў у вёсцы Літва рашэннем суда быў прызнаны безгаспадарчым. На законных падставах адышоў такім чынам у распараджэнне сельвыканкама і быў выстаўлены на аўкцыённыя таргі. Пакупнік знайшоўся, зараз у доме гаспадарыць маладая сям’я. Гэта, думаецца, іменна той выпадак, калі ніхто не ў накладзе: прадаўцы, пакупнікі, населены пункт, раён у цэлым.
На дзень сённяшні ёсць рашэнні суда Ляхавіцкага раёна аб прызнанні безгаспадарчымі 16 домоў. Адзін з іх знаходзіцца ў Ляхавічах, размешчаны па вуліцы Савецкай, 32. 8 «прапісаны» ў Цыгані, Падбароччы, Нівішчы і Мазурках Ганчароўскага, 4 — у Конькаўскім, 3 — у Востраўскім сельсаветах. У стадыі разгляду знаходзіцца справа адносна яшчэ 6 дамоў Альхоўскага сельсавета. Вытрыманы ўсе тэрміны, сабраны і накіраваны ў суд пакет неабходных у такім выпадку дакументаў. Рашэнне за судовай інстанцыяй.
Рэдка, аднак, адбываецца і па-іншаму. Напрыклад, калі пасля атрымання права на спадчыннае валоданне домам, грамадзянін добраахвотна ад яго адмаўляецца. Звяртаецца з адпаведнай заявай ў мясцовы сельвыканкам, і нерухомая маёмасць адыходзіць у распараджэнне апошняга. Прычына такой «дабрачыннасці», як правіла, адна: пражываць у доме няма неабходнасці, з выгадай прадаць яго няма магчымасці, даглядаць і добраўпарадкаваць — сабе даражэй. А так адмовіўся – і няхай ў сельадміністрацыі галава баліць. Можна паспрабаваць прадаць, засяліць ці па нейкай іншай схеме вярнуць жыллю жыццё. Калі ж, напрыклад, з-за яго трухлявасці гэта немагчыма, застаецца адно — пад знос з наступнай рэкультывацыяй зямельнага ўчастка. Абсалютная прагматыка, тым не менш, ясныя паводзіны зразумелыя і заслугоўваюць павагі. Такі выпадак ужо ёсць. Пакуль у адзінкавай на раён колькасці і меў месца ў Ганчароўскім сельсавеце.
На жаль, куды часцей даводзіцца гаварыць пра паводзіны іншага кшталту. Калі для некаторых дакументальных уладальнікаў «доміка ў вёсцы» апошні становіцца чамаданам без ручкі. Несці складана ці няма жадання, кінуць шкада, нешта выгадаць немагчыма. Адсюль і нярэдкае негатыўна-уразлівае відовішча «закінутага гнязда» на вясковай і не толькі вуліцы: паўразбураны дом, павалены паркан, бур’ян у рост чалавека… Ну, вы зразумелі.
Святлана КАБЯШОВА,
галоўны спецыяліст аддзела
архітэктуры і будаўніцтва
райвыканкама,
Іван КАВАЛЕНКА,
карэспандэнт «ЛВ».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *