Ляхавіччына:на пасяджэнні раённага савета па дэмаграфічнай сітуацыі аналізавалі, чаму распадаюцца шлюбы?

Сітуацыя непрыемная і, на жаль, нярэдкая. Чаму? Адказ на пытанне шукалі Святлана Юрлевіч, намеснік старшыні райвыканкама; Людміла Палтарак, начальнік аддзела загс; Леанід Калбаса, начальнік аддзела адукацыі; Уладзімір Усцюшкоў, галоўны ўрач ЦРБ; Раман Лявонцьеў, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС; Алена і Сцяпан Пішчы з вёскі Ганчары, Віктар і Вольга Скрыцкія, Марына Б., Святлана В. з Ляхавіч.

Людміла ПАЛТАРАК:
— Летась судом Ляхавіцкага раёна было разгледжана 138 грамадзянскіх спраў аб скасаванні шлюбу. Па 93 справах мужу і жонцы быў вызначаны трохмесячны тэрмін для прымірэння. Асноўныя прычыны скасавання шлюбаў — няправільныя паводзіны мужа ці жонкі, злоўжыванне спіртнымі напіткамі, а ў выніку — непрыязныя адносіны ў сям’і. У 63 выпадках прыводзіліся іменна такія аргументы. А яшчэ — нежаданне мужа клапаціцца пра ўласных дзяцей і жонку (14 спраў). Часта муж і жонка не называюць сапраўдных прычын, па якіх яны больш не жадаюць быць у шлюбе, абмяжоўваюцца стандартнай фразай: «Не сышліся характарамі».
У любым выпадку, калі разбураецца сям’я, пакутуюць дзеці. Па 86 грамадзянскіх справах на момант скасавання шлюбу ў сем’ях было па адным дзіцяці, па 7-мі справах — два, па 3-х — тры і больш непаўналетніх дзяцей. Яшчэ 30 грамадзянскіх спраў разгледжана ў асобым парадку: гэта значыць, у мужа і жонкі не было непаўналетніх дзяцей і абое выказалі згоду на скасаванне шлюбу. Яшчэ адна важная дэталь: па 32 справах істцамі выступілі мужчыны, па 106 — жанчыны. Калі прааналізаваць узрост асоб, якія ставілі пытанне аб скасаванні шлюбу, то, у асноўным, звярталіся людзі маладога і сярэдняга ўзросту: 62 выпадкі, калі мужу і жонцы было ад 20 да 30 гадоў.
Святлана ЮРЛЕВІЧ:
— Гэтая несуцяшальная статыстыка вымушае яшчэ больш задумацца над прычынамі, па якіх муж і жонка разрываюць сямейныя адносіны. Статыстыку папаўняюць і шлюбы «па разліку», якія пасля скасоўваюцца. Зразумела, людзі з моцнымі маральнымі прынцыпамі на такі крок не пойдуць. Але ўсё ж бывае… Парадокс, але разбураюцца тыя сем’і, якія ствараліся па моцным жаданні дваіх, у якіх нарадзіліся і іншы раз ужо выраслі дзеці. Скасоўваюць шлюб і маладыя пары на пачатку сямейнага жыцця.
Леанід КАЛБАСА:
— Лічу, што навука сямейных адносін павінна засвойвацца з дзяцінства. Дарэчы, ранейшай праграмай школьнай адукацыі быў прадугледжаны прадмет «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця», і гэта было правільна. Яшчэ толькі ўсталёўваўся светапогляд падлетка, а ён ужо ўсведамляў, што значыць быць у адказе за іншага чалавека, як правільна размеркаваць абавязкі ў сям’і, як сябе паводзіць дома і ў грамадскіх месцах і г.д. Пакуль жа наша школа можа прысвяціць гэтай выхаваўчай тэме толькі класныя гадзіны ці пазакласныя мерапрыемствы такой накіраванасці.
Між іншым, гэта першыя прыступкі асновы свядомасці — вельмі важныя для фарміравання характару ў цэлым. Асноўная роля ўсё ж адводзіцца прыкладам сямейнага жыцця: як паводзяць сябе бацькі, так робяць і дзеці. Іменна пра гэта і павінны думаць тыя, хто на чашу вагаў ставіць — разбурыць сям’ю ці захаваць яе любым чынам, нават калі толькі «дзеля дзяцей».
Людміла ПАЛТАРАК:
— З 1 студзеня 2013 года ўступяць у сілу папраўкі ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і, якія датычаць скасавання шлюбу. Сёння для многіх стрымліваючым фактарам з’яўляецца працэдура разводу ў судзе. Праз органы загса ці жаніцца, ці развесціся будзе намнога прасцей. Трэба вельмі актывізаваць работу па ўмацаванні аўтарытэту сям’і, яе асноў. Гэта лепшая прафілактыка разводаў. Супрацоўнікі загса растлумачальную работу на гэту тэму лічаць адной з галоўных задач, імкнуцца давесці да свядомасці мужа і жонкі важнасць сямейных адносін.
Святлана ЮРЛЕВІЧ:
— Напэўна, правільна было б актывізаваць і работу псіхолагаў, якія ў стане дапамагчы мужу і жонцы знайсці выхад у крызіснай сітуацыі. І маладым перад уступленнем у шлюб таксама важна атрымаць некаторыя рэкамендацыі. Лічу, што пры любой магчымасці неабходна прапагандаваць культ сям’і, паказваць, наколькі важна, калі побач з дзіцем ідуць па жыцці яго самыя дарагія людзі — тата і мама. Вялікае значэнне мае арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў у працоўных калектывах, у якіх удзельнічаюць сем’і: экскурсіі, паходы, спартыўныя спаборніцтвы — бо агульныя інтарэсы вельмі збліжаюць.
А галоўныя ворагі сям’і — п’янства і алкагалізм. Іменна яны найчасцей «скасоўваюць» шлюбы. Найперш трэба змагацца з гэтым злом.
Раман ЛЯВОНЦЬЕЎ:
— Хоць статыстыка правапарушэнняў сёлета выглядае больш аптымістычна, чым летась, усё ж п’янства і алкагалізм вельмі распаўсюджаны. Прафілактычная работа тут — самы дзейсны сродак. Супрацоўнікі РАУС выкарыстоўваюць усе магчымыя сродкі і метады: гутаркі ў працоўных калектывах, у школах, распаўсюджваем буклеты і лістоўкі адпаведнага характару, праводзім праверкі гандлёвых кропак, выяўляем самагоншчыкаў, прапагандуем здаровы лад жыцця, працуе «гарачая лінія», на якую ў любы час можна пазваніць, і г.д. Толькі сёлета на прымусовае лячэнне ад алкагалізму накіравалі 12 чалавек у ЛПП, яшчэ 93 — у наркалагічнае аддзяленне псіхбальніцы, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 536 чалавек, якія знаходзіліся п’янымі ў грамадскіх месцах.
Меры прафілактычнага характару ў некаторай ступені станоўча паўплывалі на крымінальную сітуацыю ў сферы сямейна-бытавых адносін. Акцыі «Сям’я без насілля», «Дом без насілля», якія праводзяць работнікі міліцыі, прадстаўнікі аддзела адукацыі, культуры, ЦРБ, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, СМІ, даюць станоўчыя вынікі. І ўсё ж, лічу, што злоўжыванне спіртнымі напіткамі — з’ява яшчэ вельмі распаўсюджаная і з’яўляецца адной з першых прычын, па якіх распадаюцца сем’і.
Уладзімір УСЦЮШКОЎ:
— Часта маладыя людзі жэняцца і нават не падазраюць, што хтосьці з іх не можа мець дзяцей, маюць іншыя праблемы са здароўем. Пажадана было б, каб маладыя людзі, перш чым стварыць сям’ю, праходзілі медыцынскае абследаванне. Пажылыя, напэўна, яшчэ памятаюць, што некалі без дазволу ўрача свяшчэннік не вянчаў маладажонаў.
Асобная размова — п’янства і алкагалізм — хвароба, ад якой цяжка пазбавіцца, але якая лечыцца.
Сярод прычын скасавання шлюбаў ёсць і сацыяльна-батавыя праблемы: адсутнасць жылля, работы, наогул, сродкаў для існавання і, галоўнае, — няма ў маладых жадання паправіць сітуацыю. Гэта ўсяго толькі жарт, што «з мілым рай у шалашы…», на самай справе сям’я — вялікая адказнасць, якая не кожна- му пад сілу. Каб шлюб аказаўся моцным, каб была здаровая паўнацэнная сям’я, у загс трэба ісці не толькі з моцнымі пачуццямі, а і абдумана, ацаніўшы свае магчымасці і, зразумела, не ўтойваць праблем, звязаных са здароўем. Моцная сям’я — гэта здаровая сям’я.
Алена і Сцяпан ПІШЧЫ з вёскі Ганчары, якія нядаўна справілі залатое вяселле.
Алена Іванаўна:
— Паверце майму вопыту сямейнага жыцця: чым большы становіцца ў лю-дзей дастатак, тым больш з’яўляецца безадказнасці і абыякавасці. Мы пажаніліся ў пасляваенныя гады, не мелі магчымасці ні асабліва прыгожа апрануцца, ні смачна пад’есці. Ён — механізатар, я пачынала рабочай на малочным заводзе. Працавалі, гадавалі дзяцей, вялі асабістую гаспадарку — не было калі думаць пра розныя глупствы. Калі вянчаліся, адказнасць бралі на сябе перад Богам і людзьмі — на усё жыццё, бо шлюбы заключаюцца на нябёсах. А каб так і было, вучыліся саступаць адзін аднаму, дараваць, бо жыццё пражыць — не проста, бываюць усялякія моманты. І, зразумела, трэба дзяцей нараджаць і як мага больш, бо яны ўмацоўваюць сям’ю. Мы выгадавалі трох сыноў, маем шасцёра ўнукаў, двух праўнукаў — не кожная сучасная сям’я можа пахваліцца такім багаццем. Цяпер у нас нялёгкі час — гадоў багата, здароўя няма. Аднак дзеці заўсёды бягуць на падмогу, бо яны таксама адчуваюць адказнасць і перад бацькамі, і перад сваімі сем’ямі…
Віктар і Вольга СКРЫЦКІЯ, маладыя муж і жонка.
Вольга:
— Чаму распадаюцца шлюбы? Зразумела, цяжка яшчэ пра гэта меркаваць, хіба што па вопыце знаёмых. Часам няма разумення з боку мужа, і гэта вельмі крыўдзіць. Напрыклад, кожнай жанчыне хочацца стаць маці, а мужчыны іншы раз лічаць, што гэта лішні цяжар. Напэўна, уплывае праблема матэрыяльнай незабяспечанасці і, зразумела, п’янства, якое дзейнічае вельмі разбуральна на сямейныя адносіны. Аднак, веру, што ў нашай сям’і ўсё будзе ў поўным парадку!
МАРЫНА Б., 47 гадоў:
— Я замужам другі раз, і абодва шлюбы — з адным чалавекам. Выходзіла замуж — кахала і больш ні пра што не думала. А калі пачаліся праблемы, то аказалася, што мой любімы чалавек зусім не гатовы да сямейнага жыцця: асабліва не рваўся на работу, на маіх плячах ляжалі ўсе клопаты і пра дзяцей. Гэта стала прычынай для скасавання шлюбу. Аднак, у яго хапіла сіл усе абдумаць і прыняць правільнае рашэнне: закончыў вучобу ў інстытуце (раней кінуў), уладкаваўся на работу па спецыяльнасці і, галоўнае, зразумеў, што яго шчасце побач. Мы зноў пажаніліся…
СВЯТЛАНА В., 33 гады:
— Скажыце, каму патрэбен п’яніца? Нікому! Яшчэ з пачатку жылі нядрэнна, нарадзіла дваіх дзяцей. А пасля распіўся, пачаліся канфлікты, даходзіла да бойкі. Я прыняла рашэнне, што такі бацькоўскі прыклад для выхавання дзяцям не патрэбны, падала на скасаванне шлюбу, кватэру размянялі. Лічу, што зрабіла правільна: дзеці растуць у спакойнай абстаноўцы. Няхай на стале не заўсёды ёсць прысмакі (на адну зарплату не разгонішся), але я ўпэўнена, што яны будуць добрымі людзьмі…

Дык чаму распадаюцца шлюбы? У кожнай гісторыі — свае прычыны, свая праўда. Адно зразумела: ва ўсе часы ў пашане быў маральны аспект, які на першы план ставіў адказнасць, абавязак, значнасць, выхоўваў уменне цярпець, дараваць, дапамагаць, — адным словам — любіць. І гэтае высакароднае і такое прыгожае пачуццё трансфармавацца не павінна.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *