Любоў і міленіум. На тры дні – з 6 па 8 верасня – Брэст ператварыўся ў суцэльную святочную пляцоўку

Гэта было незабыўна! Яно і зразумела – такая падзея адзначаецца раз у тысячу гадоў, не кожнаму пакаленню шчасціць стаць яе сведкам. Нашаму – пашанцавала. На тры дні – з 6 па 8 верасня – Брэст ператварыўся ў суцэльную святочную пляцоўку.

Надвор’е спаборнічала па цеплыні з атмасферай, што панавала на вуліцах, плошчах, у парках і скверах, спартыўных і культурных пляцоўках і збудаваннях – паўсюдна. Градус гасціннасці проста зашкальваў! Гараджан і гасцей горада (а ў святочныя дні 350-тысячнае мясцовае насельніцтва прырасло ці не ўдвая) на кожным кроку чакалі сюрпрызы. Дарагія падарункі-новабудоўлі, творчыя пляцоўкі, яркі карнавал і фестываль павет-раных змеяў, маштабны паўмарафон і грандыёзны «Міленіум» – здаецца, як усё гэта можна было прыдумаць і ўвасобіць у жыццё!

Галіна МАНЕВІЧ, старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ЦРБ:
– Тое, што свята тысячагоддзя Брэста мы абавязкова сустрэнем у абласным цэнтры, сям’я нават не абмяркоўвала. Гэты горад асаблівы, непадобны на іншыя, цёплы, ціхі, спакойны, але разам з тым такі сучасны і ўнікальны. А ў мінулыя выхадныя Брэст хутчэй ператварыўся ў такі беларускі Рыа-дэ-Жанэйра.
Карнавал, які расцягнуўся на некалькі кіламетраў, размаляваў горад самымі рознымі колерамі музыкі і танцаў. Міжнароднае дзейства аб’яднала, здаецца, несумяшчальнае. Рыцары, рок-выканаўцы, казачныя персанажы, музыкальныя калектывы самых розных напрамкаў прайшліся па вуліцах Брэста. Гэта было феерычна. Шчыра сказаць, не адмовілася б перажыць цудоўныя моманты святкавання яшчэ раз.
Упэўнена, не пакінула ніводнага гледача абыякавым і шоу «Міленіум» – гісторыя нашага Брэста ў выкананні таленавітых беларусаў. Тут згадалі ўсё тое, чым мы ганарымся: ад магдэбургскага права і выдання Брэсцкай бібліі да сённяшняга дня абласнога цэнтра.

Аляксей Коршун, інжынер-праграміст ЦССН аддзела па адукацыі райвыканкама:
– Свой юбілей Брэст і тыя, хто ў гэты дзень раздзяліў з ім тясячагадовую нагоду, запомняць надоўга. Вуліца Савецкая ў гэтыя святочныя дні не змаўкала ні на хвіліну. Здаецца, у кожным кутку спявалі, танцавалі, здзіўлялі гасцей. Мяне ўразіў горад майстроў. Ганчарства, ткацтва, саломапляценне, вышыўка, фларыстыка –
у вачах іскрыла ад неверагодных работ майстроў. Канцэртная праграма і, безумоўна, салют прайшлі на самай высокай ноце. Дзякуй, Брэст! Ты непаўторны.

Таццяна Пішч, мастацкі кіраўнік народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца»:
– Нашаму Брэсту – тысяча! Любімаму, роднаму, неверагоднаму. І як жа абрадаваліся, расхваляваліся, калі наш калектыў запрасілі прыняць удзел у святкаванні. Ганарова, адказна, прыемна. Таму і рыхтавацца пачалі загадзя, каб здзівіць гасцей свята. Адпрацавалі-адспявалі-адтанчылі на ўсе сто працэнтаў. А разам з намі, здаецца, спявала ўся пешаходная Савецкая.
На пляцоўцы «Берасцейскія забаўлянкі» наша «Вечарніца» віншавала Брэст. З гульнявой праграмай «З намі вёска ажыве» зараджаліся энергіяй усе, хто праходзіў міма і затрымліваўся каля нашай сцэны. А які танцавальны флэшмоб закацілі, колькі жадаючых было паўдзельнічаць у нашых конкурсах! Ад такой аўдыторыі зараджаліся настроем і мы.
Што ужо гаварыць пра колькасць зробленых фота з намі! Ляхавіцкі калектыў цяпер у смартфонах расіян, літоўцаў, палякаў. Яны і відэасюжэтаў наздымалі, маўляў, пакажуць у сябе дома, як можна «раскачаць» публіку. Адпускаць са сцэны ніяк не хацелі. А для артыста «брава!», «клас!», «біс!» – бальзам на сэрца. І мы не маглі не задаволіць просьбы нашых гледачоў. Выконвалі песні, што называецца, па асабістых заяўках.
Калектыў быў узнагароджаны Граматай упраўлення культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта за ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе вядучых гульнявых праграм «Берасцейскія забаўлянкі-2019».


Фота БЕЛТА
і з архіва клуба «Вечарніца».