Родам з верасня. Днямі ў Ляхавіцкім раёне свой шыкоўны юбілей адзначыла выдатнік народнай адукацыі Аліна Дыдышка

Верасень у дэкарацыі вяргінь, астраў, гладыёлусаў, агучаны жыццярадасным званком і шчабятаннем хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх гэты званок паклікаў у класы, святкуе школьнае навагоддзе. Святкуе яго і наша зямлячка Аліна Дыдышка. Для яе школа стала спраўджанай марай, прафесійным і творчым самавыяўленнем, штодзённай вучобай і экзаменам, асабістай педагагічнай паэмай – калег, вучняў, іх бацькоў. Аліна Яўгеньеўна і сама родам з верасня.
Сёлета яго дзясяты дзень быў для яе юбілейным.

З вёскай Крывошын Аліну Дыдышка звязваюць 43 гады жыцця. Калісьці ў мясцовую сярэднюю школу яна ўладкавалася піянерважатай. І сёння з настальгіяй успамінае бесклапотны час, калі з энтузіязмам арганізоўвала сваю вясковую чырвонагальштучную піянерыю на добрыя справы.
– Піянерскія кастры, лагер адпачынку на рацэ Шчара, ваенна-спартыўныя гульні «Зарніца» і «Арляня», сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, паходы і экскурсіі, экспедыцыі па родным краі, пошукі і знаходкі экспанатаў для школьнага музея назаўжды будуць свяціць ліхтарыкам памяці, – упэўнена Аліна Яўгеньеўна.
Яна заўсёды была ў цэнтры школьнага жыцця. Якую б пасаду ні займала – настаўніца беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік, намеснік дырэктара, дырэктар – уся аддавалася рабоце, не шкадавала сіл, энергіі і іх жа знаходзіла ў сваёй любімай справе, што стала сэнсам жыцця, крыніцай творчасці і натхнення. Такой жа аддачы яна патрабавала ад сваіх калег, з якімі заўжды былі аднадумцамі. Можа таму атмасфера ў Крывошынскай СШ і сёння застаецца дружалюбнай, тактоўнай і шчырай.
– Працавалі так, каб школа стала другім домам, месцам, дзе кожны вучань адчувае цяпло і ўтульнасць, знаходзіць падтрымку, разуменне, дзе яго ўспрымаюць як асобу з усімі непаўторнымі якасцямі і здольнасцямі, магчымасцямі і патрэбамі, – акрэслівае педагагічнае крэда выдатнік народнай адукацыі. Гэта званне Аліна Дыдышка атрымала ў 1986 годзе. Яна лічыць, што вельмі важна фарміраваць не толькі веды і навыкі па пэўным прадмеце, але і развіваць крэатыўнае мысленне хлопчыкаў і дзяўчынак, стварыць сітуацыю поспеху для кожнага вучня.

Абаяльнасць, запал, свежасць думак і арыгінальнасць ідэй, якімі так і сыпала наша Аліна Яўгеньеўна, рабілі школу перадавой і сучаснай. Гэты статус мы імкнёмся падтрымліваць і цяпер, – гаворыць дырэктар Крывошынскай СШ Ала Гуліцкая.

Пераемнасць пакаленняў – важкі здабытак гэтай навучальнай установы. Яна неаднойчы перамагала ў рэспубліканскім конкурсе «Лепшая сельская школа», а па выніках мінулага года прызнана пераможцай традыцыйнага раённага конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі ў намінацыі «за якасць работы з педагагічнымі кадрамі». Былы дырэктар пастаянна падтрымлівае сувязь са школай, ганарыцца поспехамі вучняў і настаўнікаў, сустракаецца з выпускнікамі.
Грамадскае жыццё Аліны Яўгеньеўны не абмяжоўваецца школай. Землякі выбіралі яе дэпутатам Крывошынскага сельскага Савета і райсавета дэпутатаў. Яна была дэлегатам ІІ Усебеларускага народнага сходу, узначальвае ветэранскую арганізацыю Крывошынскага сельсавета. У энцыклапедыю «Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь» занесена і прозвішча Аліны Дыдышка.
– Я шчаслівы чалавек, таму што з задавальненнем ішла на работу, любіла сваю прафесію. Мне цікава жыць, але заўсёды мала таго, што маю: хочацца ведаць больш і больш паспяваць, заўжды трымаць руку на пульсе часу, – зазначае Аліна Яўгеньеўна.
Каб намаляваць поўную карціну яе шчасця, абавязкова трэба прыгадаць пра дружную сям’ю: любімага мужа Уладзіміра Пятровіча, з якім разам 47 гадоў, дачку, зяця і ўнука.
І калі яны збіраюцца ўсе разам, Уладзімір дастае гармонік, і з вокнаў дома № 46 па вуліцы Лясной (пазнаць яго можна па ідэальнай чысціні і рознакаляровым дыване кветак) гучыць знакамітае і шчымлівае «Рэха кахання».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.