Зямля як каштоўны сведка. З мітынгу ў Падлессі ў Ляхавіцкім раёне стартаваў маштабны міжнародны патрыятычны праект «На славу агульнай Перамогі»

Да брацкай магілы ў аграгарадку Падлессе сцежка не зарастае: нясуць вахту школьнікі, праходзяць мітынгі, а 9 мая мясцовыя жыхары ідуць сюды з кветкамі. Тут пахаваны 139 байцоў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Імёны не ўсіх устаноўлены, але памяць пра іх ушаноўваецца. Брацкая магіла ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
10 верасня сюды прыйшлі піянеры і бээрэсэмаўцы, педагогі Падлескай і Жарабковіцкай школ, прадстаў-нікі сельвыканкама і грамадскіх арганізацый, мясцовага сельгаспрадпрыемства, маладзёжнага парламента, землякі, каб чарговы раз аддаць даніну павагі мужнасці герояў, якія змагаліся за вызваленне Радзімы. Жменя за жменяй палатняны мяшочак напаўняецца зямлёй з месца воінскага пахавання.
З мітынгу ў Падлессі ў Ляхавіцкім раёне стартаваў маштабны міжнародны патрыятычны праект «На славу агульнай Перамогі», прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Час няўмольны, і з кожным годам сведкаў тых бязлітасных падзей усё менш. «Зямля з месцаў воінскай славы і гібелі мірнага насельніцтва, зямля з радзімы – святыня. Пакуль час не сцёр падзеі і даты, гэтую зямлю збіраюць у адной прасторы крыпты храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, у Мінску для вечнай малітоўнай памяці. Такім чынам будуць уз’яднаныя ў народнай памяці ўсе, хто змагаўся плячом да пляча, здабываючы агульную для ўсіх Перамогу ў розных кропках баявых дзеянняў Вялікай Айчыннай вайны», гаворыцца ў канцэпцыі акцыі памяці.
– У нашым раёне сімвалічныя жменькі зямлі з 39 воінскіх пахаванняў Жарабковіцкага, Конькаўскага, Начаўскага, Востраўскага, Альхоўскага, Крывошынскага, Навасёлкаўскага і Ганчароўскага сельсаветаў і райцэнтра збіраюцца ў мяшочкі і перадаюцца ў ваенны камісарыят. Да кожнага з іх прыкладзены спіс імёнаў
загінулых, а таксама інфармацыя пра мясцовасць і людзей, якія ўнеслі ўклад у разгром фашызму, – адзначыла метадыст па гісторыка-культурнай спадчыне Таццяна Седас.
– Памяць павінна жыць, і ў нашых сілах не дапусціць паўтарэння жахаў вайны. Мы, нашчадкі салдат Перамогі, павінны ведаць ваенную гісторыю свайго краю і падтрымліваць парадак на брацкіх магілах. Запомніце ўрачыстасць сённяшняга моманту і раскажыце пра гэта родным, а калісьці – сваім дзецям, – звярнулася да ўдзельнікаў мітынгу старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая. Рабяты ўсклалі кветкі да помніка. На тэрыторыі сельсавета зямля ўзята з шасці воінскіх пахаванняў і брацкіх магіл.
Як напамін пра ахвяры вайны, як удзячнасць нашчадкаў тым, хто назаўсёды застаўся ў страі, устаноўлены помнікі і абеліскі. Кожнае з гэтых месцаў захоўвае сваю гісторыю. На могілках у Жарабковічах на гранітнай пліце выбіты словы «Вечная слава Патрыётам» і прозвішчы чатырнаццаці расстраляных аднавяскоўцаў. Сумную старонку ў Жарабковічах ведаюць добра, пра гэта пісала і раёнка.

…Атрад карнікаў у поўным узбраенні, з кулямётамі і аўтаматамі, акружыў вёску. Мужчын і жанчын, старых і малых сагналі ў будынак былога сельсавета. Бездапаможнасць, боль, страх – усё было ў вачах і душах жарабкоўцаў. Перакладчык загадаў выйсці наперад актывістам. Вечарам 10 ліпеня 1941 года 12 чалавек (самай малодшай была 19-гадовая загадчыца мясцовага клу­ба камсамолка Кацярына Новік) пагрузілі ў машыну і павезлі ў невядомым накірунку. Вяскоўцы ў гэту ноч не спалі. Праз два дні, на Пятра і Паўла, у Падлескай царкве прыхаджане ціхенька шапталі адзін аднаму, што на Кучуравым полі
(недалёка ад вёскі Падлессе) ёсць свежае ўскапанае месца, якое нагадвае магілу. А некаторыя гаварылі і пра стрэлы, якія былі чуваць ноччу…
Фашы­сты забаранілі хаваць забітых па хрысціянскім звычаі ды яшчэ жорстка нагадалі: хто аслухаецца загаду, таксама будзе расстраляны. Але, нягледзячы на страх, жанчыны і дзеці пайшлі на месца забойства, паціху раскопвалі зямлю. Калі чулі, што набліжаецца машына, хаваліся… Забітых паклалі на вазы і прывезлі на могілкі ў Жарабковічы, там і пахавалі, накрываючы галлём дрэў. Праз два тыдні здраднікі на­звалі карнікам імёны яшчэ двух актывістаў, якіх таксама чакала тая ж доля: яны былі расстра­ляны фашыстамі…». 

«Іх расстралялі на світанку»(«Ляхавіцкі веснік», 22 чэрвеня 2005 года).


Летам 1944 года пасля вызвалення вёскі Чырвонай Арміяй астанкі 14 патрыётаў былі перапахаваны ў брацкай магіле, над якой у 1957 годзе ўстаноўлены помнік.

Сімвалічна, што акцыя «На славу агульнай Перамогі» фінішуе ў нашым раёне ў дзень піянерыі. Памяць павінна мець працяг.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА

На маршруте акции «Во славу общей Победы» — Коньковский сельсовет

Фото из архива Коньковского сельисполкома

Забор земли с  воинских захоронений в Островском сельсовете

Фото из архива Островского сельисполкома

Акция «Во славу общей Победы» на территории Начевского сельсовета

Фото из архива Начевского сельисполкома