З казінага рога ўсяго многа. Не адзін, а больш за 20 рагатых-бадатых жывуць у гаспадарцы Казіміры Гаршынёвай з вёскі Крывошын Ляхавіцкага раёна

Жыў-быў у бабулі шэранькі козлік… Гэтую дзіцячую песеньку ведае, напэўна, кожны. . І кожная «галава» мае сваё імя: Дзінка, Мышка, Анфіска…

Ідэя завесці козачак прыйшла нядаўна: малако з крамы яна лічыць нясмачным, у вёсцы кароў становіцца ўсё менш, і купіць натуральнае праблематычна. А яшчэ казінае малако карысна дзецям, якіх, дарэчы, у Казіміры Уладзіміраўны восем: трое сваіх і пяць хлопчыкаў і дзяўчынак з інтэрната.
Да таго, як стаць прыёмнай маці, жанчына працавала ў сферы грамадскага харчавання. Заўсёды трымала вялікую гаспадарку. Жыццё цякло мерна і роўна. А калі дзеці раз’ехаліся вучыцца, Казіміра Уладзіміраўна засталася адна ў вялікім цёплым доме.
– Аднойчы па тэлебачанні ўбачыла праграму пра прыёмныя сем’і. Там распавядалі пра рабят з дзіцячых дамоў. Падумала: чаму б мне не падарыць пяшчоту, любоў і дом такім дзеткам, – успамінае вяскоўка.
У гэтым жа годзе ў доме пасяліліся Косця і Коля, якіх яна забрала са школы-інтэрната ў Ястрамбелі. А праз некаторы час сюды пераехалі яшчэ дзве дзяўчынкі і хлопчык. Спачатку прапанавалі забраць толькі хлапчука, але вырашыла не разлучаць сям’ю: родныя павінны быць разам.
Прызнаецца, што сваімі дзецьмі ганарыцца: усе атрымалі адукацыю, працуюць. У сям’і ёсць будаўнікі, інжынер, повар, настаўнік, марак, прадавец. А самая малодшая ў гэтым годзе паступіла на медсястру, пасля заканчэння вучобы вернецца працаваць у родны раён.
І хоць сям’я не часта збіраецца разам, Казіміра Уладзіміраўна заўсёды на сувязі – на дапамогу прыйшлі сучасныя мэсэнджары, у якіх яна актыўна перапісваецца з дзецьмі.
Апошнім часам у яе з’явілася яшчэ адно хобі: жанчына робіць хатні сыр па ўласным рэцэпце з казінага малака. Як кажа сама – атрымлівае задавальненне ад працы з жывёламі і прадуктамі, якія яны нам даюць. Асабліва, калі, дзякуючы ім, ёсць магчымасць радзей наведваць краму, доктара і аптэку.
Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.