“Хлеб” верасня. Аграрыі Ляхавіцкага раёна прыступілі да ўборкі бульбы /фота/

Адной і, магчыма, самай першай прыкметай верасня з’яўляецца ўборка бульбы. Зусім яшчэ не шмат часу назад абсалютна справядліва было б заўважыць – гэта самая масавая сельскагаспадарчая кампанія года. Свае “надзелы” мела практычна кожная сям’я. І калі многія гараджане абмяжоўваліся парай-тройкай дачных сотак, – вясковыя абзаводзіліся і спраўляліся з апрацоўкай-копкай участкаў, у дзесяць разоў большых. Для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў “другі” хлеб быў па-сапраўднаму другім. Сотні гектараў, уборка якіх працягвалася не адзін тыдзень і, як правіла, з удзелам дадаткова нанятых работнікаў. Апошнія некалькі гадоў бульбяная мітусня пайшла на спад: многія ўласнікі закінулі свае соткі, сельгаспрадпрыемствы пайшлі па шляху рэзкага зніжэння бульбапасадачных плошчаў. Упаў попыт на прадукт, а ў нагу з ім крочыла і прапанова. У гэтым годзе на палетках АПК раёна было пасаджана 130 гектараў бульбы. У “Начы” 3 гектары, у райаграсэрвісе – 6, у “Жарабковічах” – 41. 80-гектарную плошчу займаюць сёлета клубнеплоды ў СВК “Ляхавіцкі”. Не дробезь, але і далёка не былы русінавіцкі размах, памера якога нядаўна раўняўся дзвюм сотням гектараў.
На ўборку сваіх гектараў “Ляхавіцкі” выйшаў першым у раёне. Сігнал на старт для бульбакапальнай тэхнікі прагучаў на пачатку тыдня. Першыя – спробныя – дні работы і ўчасткі вырабаткі не з’яўляюцца характэрна-паказальнымі, не могуць служыць асновай для глыбокіх высноў на конт ураджайнасці. Пачынала русінавіцкая брыгада і на выхадзе двухдзённай работы з гектара было атрымана, каля 340 цэнтнераў клубняў.
“На бульбу” мы прыехалі, калі работы прадоўжыліся ўжо і палетках брыгады “Мыслабаж”. Цудоўнае надвор’е, і такое ж на выгляд поле. Чыстыя ад пустазелля барозны пад ціскам клубняў, месцамі, аж распірае. Ураджай “чытаецца” дастаткова добры, але гаварыць аб ім у канкрэтных лічбах пакуль не выпадае – камбайн толькі-толькі стаў у баразну. Усяго та і паспеў, што справіцца з так званымі папярэчкамі і толькі раз “злучыць” канцы 700-метровага поля. Зрэшты, гэтага аказалася дастаткова, каб пад завязку запоўніць бункер уборачнага камбайна чыстымі, ружова-матавага колеру клубнямі. Як-ніяк, а гэта ад трох з паловай да чатырох тоны бульбы. Вопыт, у дапаўненні з кароткім “прафесійным” падлікам брыгадзіра брыгады “Мыслабаж” Леаніда Дубіны, дае падставу арыентавацца на лічбу ўраджайнасці ў 350 цэнтнераў з гектара. Здаецца нямала, улічваючы што глеба пад бульбай больш пясчаная. Леанід Вячаслававіч таксама дадае, што апошнія – ужо жнівеньскія дажджы сталі для бульбянога палетку “бальзамам” – клубні паднабралі масу.
Дарэчы, аб’ём бункера ўборачнага камбайна адзін у адзін сінхранізаваны пад кузава аўтамабіля ГАЗ, які і задзейнічанага ў якасці адвозчыка. Яго шлях – да сартавальнага пункта, дзе клубні будуць адкалібравана па трох пазіцыях—тараварныя, насенныя і дробна-кармавыя.
Работу бульбаўборачнага камбайна, а ў нашым выпадку выкарыстоўваўся агрэгат-іншамарка, акрамя механі затара “карэктыруюць” яшчэ і 4 работнікі. Задача апошніх – аддзяліць другаснае ад рацыянальнага. Работа ў 8 рук: для камянёў, іншых інародных уключэнняў прадугледжаны свой канвеер. – Чым ашчадней спраўляюцца са сваімі абавязкамі работнікі. Якія заняты на камбайне, тым прасцей і работнікам сартыровачнага пункта – гаворыць у працяг тэмы брыгадзір. Прасцей, аднак жа, як і любая іншая сельская праца ўборка другога хлеба простай не бывае.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.