Жнівенскі жаніх і двайная радасць. Якія імёны ў жніўні давалі дзецям у Ляхавіцкім раёне

Фото из архива «ЛВ»


Кожная хата ў жніўні багата. У Ляхавіцкім раёне трэці месяц лета выдаўся ўраджайным на нараджэнні. За гэты перыяд аддзел загса райвыканкама і сельвыканкамы выдалі 19 пасведчанняў аб нараджэнні 11 хлопчыкаў і 8-мі дзяўчынак (у мінулым годзе – 17). Прычым у 14-ці малышоў ляхавіцкая прапіска (летась у сямі). Двайная радасць у сям’і нашых землякоў: мелі двое дзяцей, а сталі адразу бацькамі чацвярых – нарадзіліся двайняты Іван і Сцяпан.
Першы раз бусел наведаўся ў чатыры сям’і, другі – у шэсць. У адной сям’і нарадзілася шостае дзіця. Цікава, што ні адно імя, якім у жніўні называлі мылых, ні разу за месяц не паўтарылася, расказала “ЛВ” галоўны спецыяліст аддзела загс Святлана Сталярчук. Сярод хлапчуковых імёнаў былі Сцяпан, Макар, Іван, Канстанцін, Кірыл, Данііл, Глеб, Дамір і іншыя. Дзявочыя адрозніваліся варыятыўнасцю: Аліна, Ганна, Віталіна, Златаслава, Кіра, Мілана і Эмілія.
Восьмы месяц года не абдзелены і колькасцю заключаных шлюбаў – марш Мендэльсона гучаў для 12 пар.
28 гадоў – такі сярэдні ўзрост жнівенскага жаніха, нявесты –  25. Самай маладой нявесце споўнілася 18 гадоў, а самай “вопытнай” – 45. У 20-ці гадовым узросце “акальцаваўся” самы малады жаніх, самы стажны – у 49. Для яго гэта не першы шлюб.
Усяго ж з пачатку года на Ляхавіччыне зарэгістравана нараджэнне 84 дзяцей, статус халастых змянілі на замужніх 48 пар.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.