Чытачу тут рады. 15 верасня ў краіне адзначаецца Дзень бібліятэк

Галіна Плескацэвіч, Аляксандра Новік, Галіна Высоцкая

Сёння таксама можна пачуць знакамітае «кіношнае» пытанне «Як прайсці ў бібліятэку?». І па-ранейшаму сюды не зачыняюцца дзверы: нягледзячы на тое, што ў жыццё трывала ўвайшлі электронныя кнігі і інтэрнэт, рабяты і дарослыя ўсё роўна спяшаюцца ў кніжны храм.

Дзе ўладарыць кніга

Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы валодае сапраўдным багаццем – у яе фондах амаль 355 тысяч экзэмпляраў кніг. Ёсць і сапраўдныя старажылы – творы Купалы, Коласа, Тургенева, Талстога, Чэхава, выпушчаныя выдавецтвамі ў 40-я гады мінулага стагоддзя. А яшчэ – каштоўныя факсімільныя выданні Францыска Скарыны (першыя пяць тамоў), Слуцкага Евангелля 1463 года. Плюс да кніжнага фонду – тысячы экзэмпляраў айчынных і замежных часопісаў і газет:
усяго па падпісцы сюды прыходзіць 130 перыядычных выданняў.
І калі шматлікіх чытачоў-гараджан дарогі вядуць у купалаўку ці дзіцячую бібліятэку, то ў аграгарадках і вёсках – у 16 сельскіх кніжных храмаў, па населеных пунктах раёна курсіруе бібліобус. Чытацкія абанементы заведзены больш як на 13 тысяч чалавек. У кожнай школе, а таксама ў агракаледжы ёсць кніжнае сховішча, куды ўваход свабодны.
– Я і мае калегі рады, што можам адкрываць землякам цудоўны свет друкаваных крыніц духоўнасці і карыснай інфармацыі, знаёміць з класікамі айчыннай і замежнай літаратуры, сучаснымі аўтарамі. Кожны можа завітаць у чытальную залу і пагартаць любімыя часопісы ці падрыхтавацца да курсавых, дыпломных работ, – расказвае дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч.
Кніжныя паліцы з класікай і літара-турнымі навінкамі дапоўнены тэматычнымі выставамі. Нямала наведвальнікаў і на сайце ЦБС, дзе сабрана багацейшая інфармацыя пра славутыя гістарычныя мясціны і культурныя помнікі раёна.
Зрабіць падарожжа ў царства кніг яшчэ больш змястоўным, насычаным, цікавым дапамагаюць супрацоўнікі бібліятэк. Многія з іх не адно дзесяцігоддзе аддалі бібліятэчнай рабоце, на памяць ведаюць не адзін твор, але па-ранейшаму застаюцца самымі заўзятымі і адданымі чытачамі. Сярод
іх Алена Лойка, Галіна Навагран, Галіна Плескацэвіч – у купалаўцы, Тамара Базыльчык – у Начаўскай СБ,Таццяна Зелянко – ва Ураджайнінскай, Тамара Кандратчык – у Тухавіцкай.
Увогуле, пра кожнага з калектыву Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы можна сказаць – творчая, апантаная справай і ўлюбёная ў кнігу асоба. Нездарма па выніках мінулага года гэта ўстанова культуры занесена на раённую Галерэю славы.

Свой інтарэс

Сучасная бібліятэка – гэта не толькі паліцы з кнігамі, цішыня чытальных залаў і архіўныя падшыўкі газет.
У літаратурнай гасцёўні купалаўкі ладзяцца разнастайныя выставы, круглыя сталы, сустрэчы. У фае да ўсіх святаў рыхтуюцца фотазоны, дзе кожны жадаючы можа зрабіць здымак на памяць у антуражы той ці іншай эпохі, падзеі. На любым мерапрыемстве міжволі шукаеш і абавязкова знаходзіш «жывую кампазіцыю», дзе ў галоўных ролях бібліятэкары.
Днямі падведзены вынікі раённага творчага конкурсу бібліятэчных работнікаў на стварэнне лепшай самаробнай кнігі. Перамогу ў намінацыі «лепшы змест» атрымала Тамара Базыльчык (Начаўская СБ), «лепшае афармленне» – Кацярына Брэчка (Дараўская СБ), «лепшая навучальная кніга» – Людміла Туціна (Жарабковіцкая СБ).
Бібліятэкі выдатна асвойваюцца і ў сацыяльных сетках. Віртуальным карыстальнікам даспадобы прыйшліся цытаты з кніг па панядзелках, «граматны аўторак», гульня «веру-не веру» ў сераду,
лірычныя вершы на беларускай мове па чацвяргах і анлайн-гульні па пятніцах. Нядаўна на старонку ЦБС у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» звярнулася жанчына з расійскай Цюмені, якая доўга шукала магілу свайго сваяка, які ў 1944 го-дзе загінуў пры вызваленні Ляхавічаў ад фашыстаў. Па яе просьбе супрацоўнікі купалаўкі ўсклалі кветкі да брацкай магілы па вуліцы Кастрычніцкай.

Запрашае «Лада» і не толькі

У бібліятэках раёна дзейнічаюць даволі папулярныя ў гараджан і вяскоўцаў аб’яднанні па інтарэсах. Жаночаму клубу «Лада», што створаны ў раённай бібліятэцы, 17 гадоў. Зямлячак рознага ўзросту, прафесій і інтарэсаў аб’яднала колішні загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Галіна Івашкевіч. Потым эстафету падхапілі яе пераемніцы Іна Рушніцкая і Рыма Прытульчык. Сваю іскрынку ў дзейнасць клуба ўносіць цяперашняя загадчыца аддзела Марына Нікіціна. Дыскусіі, дыспуты, паэтычныя вечарыны, бібліятэчныя пасядзелкі – далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, дзе ўдзельнічаюць неабыякавыя, актыўныя ляхавічанкі Ганна Мураўёва, Вольга Плескацэвіч, Галіна Багушэвіч, Людміла Шэнец. Да іх далучыліся Таісія Аўдзей, Таццяна Хвайніцкая, Ганна Малевіч, Наталля Ходар, Алена Якубец.
«Лада» цесна супрацоўнічае з клубамі ветэранаў вайны і працы «Сівізна» і «Залаты ўзрост». Толькі за апошні час разам арганізавалі літаратурна-музычныя вечарыны «Вянок Шапэну», «Святло мацярынства», «Юнацтва нашага вальсок» і шмат іншых сустрэч. На пасяджэннях клуба, якія праходзяць кожную пятніцу ў гасцёўні бібліятэкі, абмяркоўваецца важнае і надзённае, тое, што хвалюе.
У хлопчыкаў і дзяўчынак запатрабаваны клубы па інтарэсах «Нашчадкі» і «Хачу ўсё ведаць» (дзейнічаюць пры дзіцячай бібліятэцы), «Гарэзлікі» (Падлеская СБ), «Перамаганосцы» (Дараў-ская СБ), у моладзі – «Пошук» (ЛДАК). Словам, бібліятэчнае жыццё б’е ключом.
А ты, шаноўны зямляк, даўно не быў у бібліятэцы? Дарма! Знайдзі хвілінку і зайдзі сюды 15 верасня, каб павіншаваць яе з імянінамі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Лізавета Мацулевіч, Алена Мікуліч.
Алена Шклянік, Віталія Лагун.
Алена Лойка і яе калегі ўважліва ставяцца да запытаў чытачоў.