Сінявокі ў мажоры. Да такой далікатнай культуры як лён патрэбны асаблівы падыход

Некалькі гадоў запар і якасць, і ўраджайнасць даўгунцу на палетках Ляхавіцкага льнозавода, мякка кажучы, не радавалі. Спецыялісты прадпрыемства такую сітуацыю спісвалі і на недахоп тэхнікі,
і на капрызы надвор’я, і на іншыя праблемы. Усё ў сукупнасці сказалася на вытворчасці, для якой не хапала сыравіны.

Напрыканцы лістапада мінулага года Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Аршанскага льнокамбіната ўзняў шэраг праблемных пытанняў і паставіў канкрэтныя задачы ў ільнаводчай галіне. За іх вырашэнне ўзяліся і на ляхавіцкім заводзе.
– Павялічаны пасяўныя плошчы пад лён да 3000 гектараў, з якіх 2200 – заводскія, астатнія – у льнонасенстанцыі і Баранавіцкім райаграсэрвісе. Сяўбу правялі ў асноўным уласным насеннем даўгунцу айчыннай селекцыі сорту «гранд» і яшчэ закупілі больш за 40 тон новых сартоў, таксама беларускіх, – расказвае дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун.
Тэхналогія догляду за пасевамі адкарэкціравана, асноўны ўпор – на ўнясенне мінеральных элементаў, неабходных для росту расліны. Калі раней за сезон такая апрацоўка праводзілася двойчы, то сёлета – чатыры разы. Вынікі не прымусілі чакаць. Ураджайнасць ільну сёлета складае 40 цэнтнераў трасты з гектара – удвая больш, чым у 2018 годзе. Паказчык якасці сыравіны таксама высокі: сярэдні нумар ільнотрасты, які паказвае ўтрыманне ў ёй валакна, –1,28, летась быў 0,68. Калі ў 2018 годзе назапашана крыху больш за 6200 тон, то сёлета разлікі на запасы больш аптымістычныя: у шохах рыхтуюць месца як мінімум для 10 000 тон ільнотрасты.
– Надвор’е нам паспрыяла, тэмпы ўборкі перавышаюць леташнія. Поўнасцю завяршыць сельгасработы на палях плануем да сярэдзіны верасня, – зазначае Дзмітрый Скакун.
І падкрэслівае, што ў паспяховай палявой кампаніі вялікая заслуга механізатараў Аляксанд-ра Цэмені, Уладзіміра Маслоўскага, Дзмітрыя Дыдышкі, вадзіцеля Генадзія Скарадзілы, якія сеялі, апрацоўвалі, убіралі. Належным чынам арганізавала работу сваіх падначаленых майстар Надзея Баршчэўская.
Работа ў новым цэху завода кіпіць у чатыры машына-змены – без выхадных. У такім рэжыме льноперапрацоўшчыкі шчыруюць з пачатку жніўня і плануюць гэта рабіць да ліпеня наступнага года. Разлічваюць, што нарыхтаванай сыравіны хопіць.
А пакуль уся перапрацаваная сыравіна ў выглядзе льновалакна адразу з канвеера, мінуючы склады, адпраўляецца ў Оршу на льнокамбінат.
Летась частка кароткага валакна ішла на экспарт, асноўны накірунак – Кітай. Нядаўна на нашым заводзе зноў пабывалі госці з гэтай краіны, якія зацікаўлены ў прадукцыі Ляхавіцкага льнозавода. Прапрацоўваюцца магчымыя варыянты.
На прадпрыемстве шукаюць магчымасці абнаўлення машынна-трактарнага парку: патрабуюцца раскідвальнік угнаенняў, апырсквальнік раслін і іншае.
Пры такім раскладзе, як сёлета, у калектыва і настрой адпаведны – мажорны. Хапае сыравіны, значыць – будзе работа, дастойная зарплата, палепшыцца дабрабыт ільнозавадчан.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галоўны інжынер Ірына Антановіч.
Загрузчык сыравіны Віктар Казачэнка.
Здымшчыца валакна Валянціна Сліва.
Загадчыца лабараторыі Алена Ксёнжык.