Па актыўным маршруце. Бээрэсэмаўцы працягваюць працаваць на турыстычную прыцягальнасць Ляхавіцкага раёна

Сваятыцкая званіца ў жніўні ўжо была адным з чыстых прыпынкаў на маршруце валанцёрскага атраду «Надзея». Цяпер юнакі і дзяўчаты ўзяліся за прывядзенне ў парадак агароджы вакол каталіцкага храма. І прымеркавалі свой працоўны дэсант да дня нараджэння БРСМ. Дарэчы, у планах уключыць у спіс адрасоў акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі» і іншыя месцы, якія патрабуюць увагі і клопату.

Ваенныя доты, якія знаходзяцца каля дарогі Ляхавічы-Баранавічы, –
гістарычны помнік, што нагадвае пра падзеі Першай сусветнай вайны. Гэта таксама падшэфная тэрыторыя бээрэсэмаўцаў: валанцёры атраду «Добрае сэрца» з Навасёлкаўскай школы тут пашчыравалі ў межах агульнарэспубліканскага маладзёжнага праекта «#ЗаДело!».
Цяпер ваенныя доты – прывабны турыстычны аб’ект на экскурсійным маршруце па Ляхавіччыне, які можа зацікавіць патэнцыяльных турыстаў і гасцей раёна.
Такія працоўныя акцыі даюць не толькі эстэтычны вынік. Хлопчыкі і дзяўчынкі зацікавіліся ваенным збудаваннем, гісторыяй, літаральна закідалі пытаннямі сваіх педагогаў і першага сакратара райкама БРСМ Марыю Лутавінаву. Цяпер яны ведаюць, што напачатку мінулага стагоддзя Ляхавіччына была прыфрантавой зонай.
Дабрачынныя дэсанты сталі цудоўнай традыцыяй, якую берагуць і пры-мнажаюць маладзёжныя актывісты. Няхай такіх кропак на іх маршруце будзе больш.
Рыта Красавіцкая.
Фота аўтара.