Востраўскія ўладары. Сям’я Малышка з Ляхавіцкага раёна заняла прызавое трэцяе месца у абласным злёце маладых сем’яў «Уладар сяла–2019»

Фота з архіва райкама БРСМ

– Самае галоўнае ў чалавека – яго сям’я. Тут ты заўсёды знойдзеш дапамогу, падтрымку, параду, – так пачынае размову сям’я Малышка з аграгарадка Востраў, якая прадстаўляла Ляхавіцкі раён у абласным злёце маладых сем’яў «Уладар сяла–2019».

Муж Артур працуе ў Ляхавіцкай ЖКГ качагарам. Жонка Крысціна – загадчыца прыватнага магазіна ў вёсцы Тухавічы. Жыве сям’я ва ўласным доме, у які галава сямейства ўклаў шмат працы, а гаспадыня ператварыла яго ва ўтульнае сямейнае гняздзечка.
У сям’і падрастаюць дзве дачушкі. Старэйшая Міраслава пайшла ў трэці клас, добра вучыцца, любіць маляваць, ляпіць. Малодшая Танечка пакуль у старэйшай групе дзіцячага садка, але ва ўсім стараецца пераймаць сястру і хутчэй хоча пайсці ў школу.
Будні сям’і нічым не адрозніваюцца ад адна-вяскоўцаў. Трымаюць гаспадарку, каля дома раскінуўся агарод. Улетку Крысціна шчыруе над запасамі на зіму: стэлажы ў падвале гнуцца ад разнасолаў.
– Думкі з’ехаць з вёскі ніколі не ўзнікала: тут наш дом, свежае паветра, спакой, няма мітусні, як у вялікіх гарадах. Дзеці на прыродзе, на стале заўсёды агародніна і садавіна з уласнага ўчастка. У горад мы можам паехаць па пакупкі, але жыць – адназначна ў вёсцы, – гаворыць Крысціна.
За сумеснай працай сям’я не забывае і адпачываць разам. Робяць гэта Малышкі актыўна: летам катаюцца на веласіпедах і роліках, ла-дзяць пікнікі, дзе тата гатуе духмяны шашлык па ўласным рэцэпце, ездзяць на рыбалку. Восенню выбіраюцца на ціхае паляванне – за грыбамі.
Паўдзельнічаць у злёце сям’і прапанавалі ў мясцовым СДК.
– Падумалі і вырашылі: нам жа ёсць што паказаць! Вясковая жыццё павольнае, мернае, і ўдзел у конкурсе быў эмацыйным «усплескам». А выпрабаванні яшчэ больш з’ядналі нашу сям’ю, – расказваюць Малышкі.
Сёлета злёт праходзіў у аграгарадку Астромічы Кобрынскага раёна. Абласны этап атрымаўся відовішчным: 11 сем’яў са сцэны
прадстаўлялі візітоўкі – расказвалі пра сябе,
свае захапленні, спявалі, танцавалі, дэманстравалі нацыянальныя касцюмы. Гаспадыні здзіўлялі сваімі кулінарнымі здольнасцямі і частавалі журы і гасцей далікатэсамі.
У візітоўцы за мікрафон узяўся Артур, які выканаў песню «Бацькоўскі зруб», а дачка прадэкламавала верш. За другі конкурс адказвала мама – прыгатавала прысмакі. Таксама на суд журы паказалі вышыўку і кошыкі з папяровай «саломкі».
Сям’я Малышка не проста выступіла годна, а заняла прызавое трэцяе месца.
– Мы ехалі добра правесці час усёй сям’ёй, перамога стала прыемнай нечаканасцю. З усімі паспелі пасябраваць, а адрэналін і эмоцыі, якія атрымалі падчас конкурсаў, далі неверагоднае падсілкоўванне! Нашым пазітывам зарадзіліся і балельшчыкі, якія ва ўсю нас падтрымлівалі, –
успамінае Крысціна.
А дома за іх перажывалі сваякі, і, як толькі сталі вядомыя вынікі, паляцелі званкі і эсэмэскі з віншаваннямі.
– Галоўнае не перамога, а тое, што мы былі ўсе разам, – адзначае сям’я Малышка.
Ірына КУЗЬМІЧ.