Віншаванні для лесу. Мінулая нядзеля для работнікаў лясной гаспадаркі Ляхавіцкага раёна была асаблівая, святочная

Мінулая нядзеля для работнікаў лясной гаспадаркі была асаблівая, святочная. А напярэдадні ў ГДК сабраліся лясгасаўцы, каб сардэчна павіншаваць тых, хто аднойчы вырашыў звязаць сваё жыццё з зялёным багаццем.
Радасць сустрэчы, безліч цёплых слоў калегам, сябрам, фотаздымкі на памяць. А адкрыў урачыстую цырымонію вядомы ўсім, хто сабраўся ў святочнай зале, гімн лесаводаў.
Словы падзякі за адданую і руплівую працу, віншаванні сваім калегам адрасаваў в.а. дырэктара ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» Сяргей Амбражэй.
Больш за паўсотні лясгасаў-цаў былі адзначаны граматамі і падзякамі Міністэрства лясной гаспадаркі, Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў, прафсаюзнымі ўзнагародамі.
Пад гучныя апладысменты на сцэну запрашалі тых, хто заўсёды на сувязі з калегамі, хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Напрыканцы святочнай сустрэчы – музычны падарунак ад калектываў мастацкай самадзейнасці раёна. Асаблівыя віншаванні  ад народнага ансамбля народнай песні «Крыніца».
Завяршальны акорд дакладна назаўсёды застанецца ў памяці мабільных тэлефонаў – здымак у стылі «агульнае фота». А на ім усмешкі, радасць, толькі самыя-самыя шчырыя эмоцыі.

У ТЭМУ

У мінулы чацвер сярод запрошаных на рэспубліканскія ўрачыстасці, прысвечаныя Дню работнікаў лесу, былі і ляхавічане, у тым ліку – «ЛВ».
У гэты дзень узнагародзілі пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. «Ляхавіцкі веснік» стаў переможцам у намінацыі «За шматгадовае і эфектыўнае супрацоўніцтва».
Дыплом галоўнаму рэдактару раёнкі Вользе Барадзіной уручыў міністр лясной гаспадаркі Віталій Дрожжа.

Рыта Красавіцкая.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Фота з архіва «Белорусской  лесной  газеты«