Уважлівасць выратуе жыццё. Тыдзень ранняй дыягностыкі рака галавы і шыі праходзіць у Беларусі з 16 па 20 верасня

У 550000 чалавек у свеце штогод дыягнастуецца рак галавы і шыі (380000 смерцяў у год). На сённяшні дзень два з трох выпадкаў такога захворвання выяўляюцца на позніх стадыях. Каля паловы такіх пацыентаў паміраюць на працягу 5 гадоў пасля ўстанаўлення дыягназу.
Пры ранняй дыягностыцы і своечасовым лячэнні ў 80-90 працэнтаў пацыентаў выжывальнасць складае больш за 5 гадоў.

У нашым раёне сёлета адзначаецца рост захворвання ракам галавы і шыі ў параўнанні з мінулым годам (з 7 да 10 выпадкаў).
У курыльшчыкаў рызыка развіцця рака галавы і шыі ў 15 разоў вышэйшая, чым у тых, хто не курыць. А ўжыванне алкаголю адначасова з курэннем павышае рызыку ў некалькі разоў.
Найбольш частыя прыкметы злаякасных новаўтварэнняў галавы і шыі:
●стойкі дыскамфорт або болі ў роце;
● язвы, якія доўга не зажываюць, чырвоныя або белыя плямы ў ротавай поласці;
● балючасць языка;
● болі і цяжкасць пры глытанні;
● адчуванне іншароднага цела ў ротавай поласці;
● аднабаковы боль у горле;
● пастаянная ці нарастаючая ахрып-ласць (асіпласць) голасу;
● пухліна ў вобласці шыі;
● закладзенасць носа з аднаго боку ці крывяністыя выдзяленні з яго;
● крывахарканне;
● непрыемны пах з рота;
● шумнае або цяжкае дыханне;
● аднабаковы стойкі боль у вуху;
● неабгрунтаванае зніжэнне масы цела.
Калі хаця б адзін з гэтых сімптомаў захоўваецца тры тыдні і больш, не адкладвайце візіт да стаматолага, отары-наларынголага ці анколага ў райбальніцу.

Уладзіслаў ЦАЛЕВІЧ,
урач-анколаг ЦРБ.

ФАКТ

Дыягностыка злаякасных новаўтварэнняў слізістай абалонкі поласці рота, носа, ротаглоткі, гартані не ўяўляе асаблівай складанасці, паколькі яны адносяцца да пухлін вонкавай лакалізацыі. Аднак запушчанасць застаецца высокай. У большасці пацыентаў захворванне выяўляюць ужо ў трэцяй-чацвёртай стадыях. Задача акцыі – папулярызаваць перадавы вопыт у галіне скрынінга злаякасных новаўтварэнняў гэтай лакалізацыі.