«Следчы» дзень. Мінулая серада для актывістаў БРСМ і членаў маладзёжнага атраду аховы правапарадку Ляхавіцкага агракаледжа «Сапсан» вызначылася яркім прафарыентацыйным мерапрыемствам /фота/

Мінулая серада для актывістаў БРСМ і членаў маладзёжнага атраду аховы правапарадку каледжа «Сапсан» вызначылася яркім прафарыентацыйным мерапрыемствам. Юныя ляхавічане наведалі ўпраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, дзе праходзіў Дзень адчыненых дзвярэй.

Дарэчы, такая падзея для юнакоў і дзяўчат не сюрпрыз, а чаканы візіт-экскурсія. Падчас ранейшай сустрэчы з навучэнцамі каледжа начальнік аддзела аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання СК па Брэсцкай вобласці Людміла Жалнерчык паабяцала арганізаваць экскурсійны дзень па ўпраўленні СК.
Рабяты пазнаёміліся з умовамі службы супрацоўнікаў, даведаліся пра гісторыю стварэння і задачы Следчага камітэта. А колькі ўражанняў атрымалі ад дэманстрацыі спецыяльных сродкаў, якія стаяць на ўзбраенні ўпраўлення. Пашанцавала на ўласныя вочы ўбачыць унікальныя магчымасці крыміналістычнай лабараторыі.
А пасля абмеркавалі ўсе нюансы службы, якія цікавяць будучых абітурыентаў. Дарэчы, каляджанка Аляксандра Уроніч усур’ёз вырашыла звязаць будучыню са службай ва ўнутраных войсках, а, калі дакладней, марыць стаць кінолагам. Сёння дзяўчына вучыцца ў ЛДАКу на ветэрынара, а пасля экскурсіі і размовы з Людмілай Мікалаеўнай яшчэ больш пераканалася, што не памыляецца з марай.
Памятныя падарункі, шматлікія фотаздымкі, безліч эмоцый і ўражанняў – вось такі атрымаўся экскурсійны дзень.
Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.