Не ІП, але з падаткам

Землякі звяртаюцца ў «ЛВ» з рознай нагоды, у тым ліку – у пошуку адказаў на хвалюючыя пытанні. Адно з іх, напрыклад, датычыла аказання сельгаспаслуг.

У гаспадарцы маю мотаблок. Хацеў бы на законных падставах аказваць паслугі насельніцтву. Што трэба зрабіць, каб не быць парушальнікам?
Сітуацыю пракаменціравала першы намеснік начальніка ІМПЗ па Баранавіцкім раёне Святлана ЧЭРНІК:
– У адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 337 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь фізічным асобам (за выключэннем замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь), якія ажыццяўляюць дзейнасць па аказанні паслуг па вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі, не патрабуецца рэгістрацыя ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў.
У адпаведнасці з нарматыў-нымі актамі, паслугі па вырошч-ванні сельскагаспадарчай прадукцыі ўключаюць у сябе наступныя віды:
паслугі па апрацоўцы зямлі, сяўбе, вырошчванні і ўборцы ўраджаю; аграхімічныя паслугі (унясенне ўгнаенняў, вапнаванне і гіпсаванне глебы); прада-стаўленне сельскагаспадарчых машын з вадзіцелем і брыгадай; падрыхтоўку насення, уключаючы сушку, ачыстку, сартаванне, пратручванне, праверку на пасяўныя якасці і захоўванне; пасляўборачную дапрацоўку палявых культур; работы па пагрузцы, разгрузцы і транспартаванні прадукцыі раслінаводства, арганічных і мінеральных угнаенняў у межах гаспадаркі; глебава-аграхімічныя даследаванні; работы па паляпшэнні сельскагаспадарчых угоддзяў; закладку, апрацоўку і ўтрыманне садоў, паркаў, зялёных насаджэнняў; азеляненне вуліц, дарог, тэрыторый і т.п., догляд за зялёнымі насаджэннямі; іншыя паслугі ў раслінаводстве.
Фізічныя асобы, якія плануюць ажыццяўляць названыя віды работ, абавязаны да пачатку дзейнасці падаць у падатковы орган па месцы жыхарства пісьмовае апавяшчэнне або апавяшчэнне праз асабісты кабінет плацельшчыка з указаннем відаў дзейнасці, якія яны мяркуюць ажыццяўляць, відаў тавараў, формы аказання паслуг, а таксама перыяду і месца ажыццяўлення дзейнасці.
На падставе гэтага падатковы орган робіць разлік сумы адзінага падатку, які падлягае выплаце.
Фізічная асоба да пачатку ажыццяўлення дзейнасці, абавязана заплаціць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб па ўстаноўленых стаўках:
пры ажыццяўленні дзейнасці ў г. Брэсце – у памеры 16,89 руб.; у г. Баранавічы – 16,00 руб., у іншых населеных пунктах – 11,26 руб. за месяц.
Падрабязную інфармацыю па пытанні выплаты адзінага падатку можна атрымаць у ІМПЗ па месцы жыхарства.