На сталічным маршруце – ляхавічане

Такой колькасці красовак і кедаў Мінск, здаецца, яшчэ не бачыў. Гэта было масава, прыгожа, феерычна і натхнёна. З кожным годам Мінскі паўмарафон набірае абароты, аб’ядноўвае прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і дорыць масу эмоцый і ўражанняў.
Мінулая нядзеля ператварыла сталіцу ў вялікі маршрут для забегаў на розныя дыстанцыі. Для ўдзелу ад бегуноў патрабавалася ўсяго пару лёгкіх дзеянняў – прайсці рэгістрацыю, аплаціць рэгіст-рацыйны ўзнос, атрымаць па электроннай пошце пісьмо з пацвярджэннем. І, галоўнае, не перахвалявацца, не перадумаць і прыйсці ў назначаны час на старт.
Такая мінулагодняя спартыўная нагода настолькі зачапіла і натхніла ляхавічан Юрыя Грыня і Аляксандра Татарыновіча, што і сёлета яны вырашылі пратэсціраваць сябе на дыстанцыі пяць з паловай кіламетраў.
А каб калегі па забегу ведалі, хто бяжыць побач, акрамя спецыяльнай экіпіроўкі, апранулі майкі з надпісам «Ляхавічы». Маўлялі, няхай ведаюць, што рэгіёны таксама за гэту спартыўную справу. І, аказалася, землякоў сярод спартсменаў намнога больш. Юрый Грынь расказвае, ляхавічане абганялі-даганялі і віталі на дыстанцыі са словамі: «Фізкульт-прывет, землякі!». І дадае:
– Бегчы адно задавальненне. Узяў свой рытм – і наперад! Настрой цудоўны, тым больш з усіх бакоў такая падтрымка. Пакуль жонка, дочкі і ўнучак балелі за нас на трыбунах, мы з задавальненнем пераадольвалі дыстанцыю, за што і атрымалі медалі. Магчыма, у наступным годзе выберам больш працяглы маршрут, да нас далучацца і тыя, хто сёлета падтрымліваў бегуноў апладысментамі.
Маргарыта КУХТА.

Фота з архіва сям’і ГРЫНЬ.