Ляхавічы: у рэйдзе дзяржаўтаінспекцыі ўдзельнічаў карэспандэнт «ЛВ»

Падчас чарговага рэйду першым у поле зроку супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі трапіў мужчына, які кіраваў гужавой павозкай. Як высветлілася пазней, ён быў у стане алкагольнага ап’янення. Яго спынілі на вуліцы Янкі Купалы. Прычым, і пасля медагляду ў паліклініцы ён так і не зразумеў, за што яго затрымалі, са здзіўленнем паўтараў: «Я ж не на рабоце». А тое, што ў выніку такіх паводзін маглі пацярпець людзі, давялося тлумачыць, як і нагадваць аб правілах бяспечнага руху.
Ад дзяжурнага райаддзела міліцыі у гэты раз па спецсувязі паступіла арыенціроўка на белыя «Жыгулі», у якіх з Малога Падлесся рухаліся жанчына і мужчына, якія ўкралі ў вяскоўца грошы. Дзяржаўтаінспектары ўважліва сачылі за транспартам: магчыма, з’явіцца «патрэбнае» аўто.
У гэты дзень парушальнікаў на вуліцы Купалы больш не было. Што датычыць гэтага ўчастка і дарог каля СШ № 2, гімназіі, то, па словах інспектара ДПС Віталія Шкляніка, праблемай становіцца рух школьнікаў па праезнай частцы. Хоць міліцыянеры і частыя госці ў навучальных установах Ляхавіччыны: праводзяць прафілактычныя заняткі, выступаюць перад навучэнцамі, удзельнічаюць у сумесных дарожных акцыях, падлеткі ўсё роўна парушаюць правілы дарожнага руху.
Начальнік аддзялення дзяржаўтаінспекцыі Юрый Малевіч папярэджвае вадзіцеляў: пры руху ў дварах, набліжэнні да дзіцячых устаноў, школ, парковак, прыпынкаў грамадскага транспарту трэба рухацца з бяспечнай скорасцю і быць гатовымі да раптоўнага з’яўлення на дарозе дзяцей. А бацькам, якія пераходзяць дарогу разам з дзецьмі, рэкамендуе ісці размераным крокам, не спяшацца і не бегчы, пераходзіць у дазволеных месцах, трымаць дзіця за руку. Памятаць, што дзеці паўтараюць паводзіны дарослых.
— Перавозіць малых у транспарце трэба ў спецыяльных крэслах або трымаць іх на каленях, — гаворыць Юрый Леанідавіч. І дадае, што вельмі важна навучыць звяртаць увагу на транспартныя сродкі, якія рухаюцца з вялікай скорасцю ці паварочваюць. Дзеці павінны засвоіць, што за рознымі перашкодамі, якія абмяжоўваюць бачнасць дарогі, часта хаваецца небяспека.
Сёлета ў Ляхавіцкім раёне з удзелам пешаходаў адбыліся 3 дарожна-транспартныя здарэнні, у выніку якіх 2 чалавекі загінулі. Трагедый можна было пазбегнуць, калі б удзельнікі дарожнага руху былі пазначаны святлоадбівальнымі элементамі. У сувязі са скарачэннем светлавога дня бацькам неабходна прымацаваць флікеры да адзення дзяцей.
Наступны пункт рэйду — вуліца Інтэрнацыянальная. Тут заўсёды ажыўлены рух, асабліва ў канцы рабочага дня. Нягледзячы на тое, што пры ўездзе ў горад супрацоўнікі АДАІ дзяжураць пастаянна, усё роўна трапляюцца парушальнікі. У гэты дзень пры праверцы дакументаў у вадзіцеля мікрааўтобуса высветлілася, што транспартны сродак не прайшоў тэхагляд ва ўстаноўлены тэрмін. На пытанне, чаму сеў за руль, ведаючы пра непарадак з дакументамі, вадзіцель адказаў, што машыну ўзяў у сябра. Атрымліваецца, спадзяваўся на «авось». Такія «авось» часта прыводзяць да бяды.
Назваць прычыну парушэння — быў не прышпілены рэменем бяспекі — не змог і шафёр гарадской арганізацыі.
Людзі спяшаюцца, не думаючы пра сваю бяспеку і бяспеку блізкіх, ствараюць на дарозе аварыйныя сітуацыі. За 9 месяцаў 2012 года на дарогах Ляхавіччыны адбылося 8 ДТЗ, у якіх загінулі 4 чалавекі, 5 паранены, вадзіцель ў нецвярозым стане ўчыніў аварыю… Часам з-за кіроўцы-ліхача здараецца бяда, а ён, не адчуўшы сваёй віны, зноў садзіцца за руль і зноў ліхачыць. Сёлета міліцыянеры затрымалі 138 чалавек, якія кіравалі транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення (у 2011 — 175). Прычым, паўторна затрыманы па арт. 317 ч.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 5 чалавек, у мінулым годзе — 27.
Лічыцца, што самыя адказныя, уважлівыя на дарозе — жанчыны. Аднак у гэтым годзе ў нецвярозым стане за рулём былі выяўлены 2 жыхаркі Баранавіч.
Галоўнымі прычынамі ДТЗ з’яўляецца кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, парушэнне скораснага рэжыму, невыкарыстанне рамянёў бяспекі і моташлемаў, парушэнне правілаў перавозкі людзей, у першую чаргу, дзяцей.
Усяго, па стане на 16 кастрычніка, супрацоўнікамі АДАІ сумесна з участковымі інспектарамі было выяўлена 4915 парушэнняў правілаў дарожнага руху. З іх 1841 — парушэнне скораснага рэжыму (у 2011 — на 176 выпадкаў менш), 838 — пешаходамі. Пешаходаў затрымліваюць у нецвярозым стане, з-за адсутнасці флікера, пры няправільным пераходзе вуліцы. Паназірайце, як дзеці і дарослыя пераходзяць дарогу не па пешаходным пераходзе каля апорнага пункта міліцыі па вуліцы Леніна, а каля магазіна «ЛІВ», на іншых пераходах ці па-за імі. А вадзіцель можа не паспець затармазіць…
Дарэчы, многія задаюць пытанне пра непрацуючыя святлафоры.
Як патлумачыў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Мядзвецкі, запланаваны рамонт вуліцы Леніна — тады і будзе вырашана пытанне з «галоўным паставым». А стары святлафор адрамантаваць немагчыма — запчасткі для такіх мадэляў даўно не выпускаюць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *