Дзеці малююць мір. Малюнак школьніцы Таццяны Казанцавай з Ляхавіцкага раёна адзначаны на рэспубліканскім конкурсе жывапісу «Шчасце жыць у мірнай краіне»

«Шчасце жыць у мірнай краіне» – так называецца рэспубліканскі конкурс жывапісу, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы, што арганізаваў Беларускі фонд міру ў партнёрстве з іншымі ведамствамі.

Больш за 2500 чалавек з усёй краіны паўдзельнічалі ў творчым спаборніцтве. Пераможцы вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях. Журы адабрала для ўключэння ў кнігу-альбом «Дзеці за мір. Малюнкі» ад Брэсцкай вобласці разам з 18 іншымі і работу школьніцы з Ляхавіцкага раёна. Малюнак Таццяны Казанцавай (на здымку) «Мой непаўторны край буслоў» з Тухавіцкай СШ адзначаны ва ўзроставай намінацыі ад 14 да 17 гадоў.

21 верасня ў Міжнародны дзень міру, які супадае з праваслаўным святам Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, у Мінскім Храме-помніку ў гонар Усіх Святых адбылася прэзентацыя кнігі-альбома. Сярод удзельнікаў урачыстай цырымоніі былі і Таццяна з мамай Аленай, якая ініцыявала ўдзел дачкі ў конкурсе.

Дзевяцікласніца не хавае радасці:
– Хаця малюю з дзяцінства, паведамленне пра тое, што мая работа адзначана журы, было прыемнай нечаканасцю. Вялікі гонар пабываць сярод мастакоў Беларусі, цікава пагутарыць з равеснікамі, якія захапляюцца жывапісам. У кожнага з нас свой погляд на мір, сяброўства, шчасце. Але ўсіх аб’ядноўвае жаданне жыць у згоде, каб побач былі любімыя родныя людзі. Шмат чула пра асаблівую атмасферу Храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Там так светла і прыгожа! Нас вітаў протаіерэй настаяцель храма Фёдар Поўны, ён падарыў усім іконкі. Было хвалююча і цікава.

Гэта не першае дасягненне тухавіцкай школьніцы. У яе творчай скарбонцы падзяка за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Адпачынак у вёсцы». Летась у абласным конкурсе «Гэты дзіўны космас» заняла трэцяе месца і з рук касманаўта Пятра Клімука атрымала кнігу з асабістым подпісам.

Расказвае, што захварэла маляваннем дзякуючы маме – настаўніцы пачатковых класаў, а навучыў пераносіць свае эмоцыі на паперу, «кіраваць» пэндзлем настаўнік Васілій Грынь, у якога пяць гадоў займалася ў Тухавіцкай школе мастацтваў.

…Фота на памяць з уручаным сертыфікатам удзельніка і кнігай-альбомам «Дзеці за мір. Малюнкі». Юныя мастакі малююць мір алоўкам, фарбамі, яркімі колерамі. Няхай такім ён будзе не толькі на паперы!

Дарэчы, Міжнародны дзень міру адзначаецца па рашэнні Генеральнай асамблеі ААН. Сёлета яго дэвіз: «Барацьба са змяненнямі клімату» – так абвяшчае адна з 17-ці мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця, нагадала старшыня раённага аддзялення Беларускага фонду міру Ларыса Юшкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіву сям’і Казанцавых.