Дыктатура тэхналогіі. Жывёлагадоўлі райаграсэрвіса не хапае сэрвісу

Аксіёма для любой справы – у аснове вытворча-эканамічнага поспеху стаіць жалезная тэхналагічная дысцыпліна. Фактар не адзіны, але абавязковы. Вось і на адной з нядаўніх апаратных нарад у старшыні райвыканкама тэрмін «тэхналогія» гучаў не аднойчы і ў розных варыяцыях. Абмяркоўвалася пытанне аб мерах, што прымаюцца ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» па забеспячэнні захаванасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы, ветэрынарна-санітарнага дабрабыту і павелічэнні на прадпрыемстве вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.
За апошнія паўтара месяца гэта тэма дэталёва разглядалася не ўпершыню. І раней згаданай рабоце была дадзена, мякка кажучы, невысокая ацэнка. Былі задакументаваны даручэнні, вызначаны тэрміны іх выканання. Мэта – надаць дынаміку і крок за крокам «падымацца» ў надоях, прывагах, паказчыках якасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Пакуль жа апошнія яўна жадаюць быць лепшымі: напрыклад, удойнасць сярэдняй сэрвісаўскай каровы знаходзіцца на ўзроўні 9 кілаграмаў малака ў суткі, невысокімі застаюцца прывагі буйной рагатай жывёлы. І першая прычына таму, па словах новага (прыйшла на пасаду зусім нядаўна) галоўнага заатэхніка прадпрыемства Марыны Тарасевіч, у незахаванні тэхналогіі на розных адрэзках вытворчага працэсу. Па словах Марыны Уладзіміраўны, часам работнікі не выконваюць базавыя тэхналагічныя патрабаванні, даводзіцца тлумачыць ім азы тых або іншых элементаў вытворчасці.
А вось у галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Мікалая Дабрыянца сваё меркаванне на гэты конт. Спецыяліст лічыць, што, як правіла, работнікі-жывёлаводы райаграсэрвіса неабходнымі навыкамі ў рамках сваёй кампетэнцыі валодаюць, ведаюць, як іх выкарыстаць практычна. Аднак нярэдка з-за адсутнасці кантролю «зверху» не выконваюць.
Даўкамплектавання патрабуе зааветэрынарная служба райаграсэрвіса. Відавочным, як прагучала падчас абмеркавання, з’яўляецца пытанне абсталявання на фермах уласных лабараторый па вызначэнні якасных характарыстык малака.
Ну і пра дысцыпліну: ужо не аднойчы  ўзгаданую тэхналагічную, вытворчую і працоўную. Таксама прафесійную адказнасць, паколькі ў аснове шэрага негатыўных момантаў у галіне жывёлагадоўлі ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» ляжыць чалавечы фактар.
Як і для ўсіх іншых гаспадарак раёна, надзённым для арганізацыі з’яўляецца пытанне падрыхтоўкі жывёлагадоўчых аб’ектаў да работы ва ўмовах зімова-стойлавага перыяду.
Тым не менш, за непрацяглы апошні час у жывёлагадоўлі акцыянернага таварыства адзначаецца некаторы дынамізм. Але, як прагучала, неабходна паскорыцца ў развіцці. У тым ліку за кошт павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, росту яе прадукцыйнасці, змяншэння выдаткаў на атрыманне адзінкі прадукцыі. Стаіць задача па завяршэнні года выйсці на вызначаныя вытворча-эканамічныя паказчыкі.
Іван КАВАЛЕНКА.