Гісторыя як прафесія. Ляхавічанін Міхаіл Курловіч захапіў гісторыяй не адно пакаленне сваіх вучняў

Толькі ўявіце. Напрыканцы сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя выпускнік вясковай школы з першай спробы пакарае самую прэстыжную вышэйшую навучальную ўстанову БССР – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Становіцца студэнтам надзвычай папулярнага тады гістарычнага факультэта. Сёння Міхаіл Курловіч –
педагог вышэйшай катэгорыі і, як сам сцвярджае, фанат гісторыі. Захапіў ёю не адно пакаленне сваіх вучняў, якіх за амаль чатыры дзесяцігоддзі педагагічнай дзейнасці – тысячы.

На пытанне пра вытокі такога інтарэсу Міхаіл Антонавіч адказвае:
– Нарадзіўся я ў Свяціцы, вёсцы з багатым мінулым, яна шмат зведала падчас фашысцкай акупацыі. Мой бацька Антон Раманавіч ваяваў, быў двойчы пара-
нены, Перамогу сустрэў у Берліне. Многія аднавяскоўцы таксама ваявалі на франтах, партызанілі. Таму часта дарослыя, калі збіраліся разам, успаміналі цяжкія гады выпрабаванняў. Заўсёды ўважліва слухаў іх расказы. А калі падрос, пачаў задаваць пытанні. І ўжо бліжэй да старэйшых класаў меў цвёрдую перакананасць: хачу вывучаць гісторыю.
У дзяцінстве Міша Курловіч шмат чытаў, у сельскай бібліятэцы праводзіў нямала часу. Асабліва зачытваўся разнастайнымі гістарычнымі часопісамі. На выбар будучай прафесіі паўплываў і колішні дырэктар Свяціцкай школы Сяргей Маісеенка.
Выдатны краязнаўца, ён прывіваў любоў да роднай зямлі сваім вучням. Як гэта цяпер робіць і Міхаіл Курловіч. У мінулым навучальным годзе на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ праект гімназісткі Анастасіі Богдан «Ляхавіцкая фартэцыя як узор бастыённай сістэмы ўмацавання» ўдастоены дыплома ІІІ ступені. Кіраўніком даследавання выступіў настаўнік гісторыі Міхаіл Курловіч. Міхаіл Антонавіч і Насця спадзяюцца, што на адным з берагоў Ведзьмы з’явіцца макет Ляхавіцкага замка з цэглы ці каменя, калі-небудзь яны пачнуць адсюль экскурсію і раскажуць шматлікім турыстам пра род Хадкевічаў, узгадаюць першага беларускага мемуарыста Еўлашоўскага і іншых нашых знакамітых землякоў.
У яго сваё бачанне экскурсіі па «Ляхавіцкім залатым кальцы». Пачы-наў бы тур з месца, дзе знаходзіцца памятны знак фартэцыі, далей – на замчышча на вуліцы Раганава, там, дзе калісьці кватараваліся бастыёны, потым турысты крочылі б на рыначную плошчу і слухалі расказ пра храм, што калісьці тут узвышаўся. Для тых, хто цікавіцца гісторыяй яўрэйства, запамінальна было б прайсціся па вуліцах Першамайскай, Савецкай, Камсамольскай. Каму неабыякава тэма Халакоста, напэўна, зазірнулі б  на вуліцу Арлоўскую, дзе пахаваны расстраляныя ў гады вайны яўрэі. Канешне, немагчыма падарожнічаць па Ляхавіччыне і не палюбавацца краявідамі гістарычных мясцін – Флер’янова, Грушаўкі, Рэпіхава, Савеек…
А яшчэ Міхаіл Антонавіч тэатрал. Хоць няма магчымасці часта бываць у тэатры, кампенсаваў гэта ўдзелам у спектаклях самадзейнага гімназічнага тэатра.
І ўсё ж галоўнае яго прызванне і любімая справа – вучыць дзяцей. У працоўнай кніжцы настаўніка гісторыі некалькі запісаў і адрасоў месца работы: Жабінкаўскі раён, Пранчакоўская СШ і Ляхавіцкая гімназія.
– Гісторык-навуковец – гэта даследчык. Настаўнік-гісторык – і педагог, і псіхолаг. Да кожнага пакалення школьнікаў неабходны свой падыход. Бывае, пачынаеш урок і разумееш, нешта ідзе не так, даводзіцца «перабудоўвацца» –  то верш расказаць, а бывае і заспяваць. Нядаўна дзевяцікласнікам расказваў пра Іспанію і спяваў «Грэнаду», – дзеліцца педагагічнымі сакрэтамі Міхаіл Курловіч.
Ляхавіччыне шанцуе на таленавітых, апантаных любоўю да малой радзімы землякоў. І Міхаіл Курловіч – адзін з іх.

У ТЭМУ

Сёлета вясной Міхаіл Курловіч у суаўтарстве з яшчэ адной аматаркай гісторыі Надзеяй Лапіч падчас «Фэсту экскурсаводаў» запрашалі гараджан і гасцей райцэнтра ў падарожжа «Ляхавічы для вас».

Галіна КАНЬКО.