Факт-экспрэс-навіны

· Юбілей аховы. 29 кастрычніка служба аховы адзначыла 60-годдзе з дня ўтварэння. Напрыканцы мінулага тыдня ўрачыстасці з нагоды юбілею адбыліся і ў Ляхавіцкім аддзяленні дэпартамента аховы, калектыў якога павіншавалі з юбілеем раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў. Падчас святочнай праграмы ўшаноўвалі ветэранаў аддзялення і сённяшніх працаўнікоў.

· Рэжым работы. У сувязі з правядзеннем капітальнага рамонту будынка, суд Ляхавіцкага раёна з 1 лістапада 2012 года будзе працаваць па наступным графіку работы: панядзелак-пятніца з 8.00 да 17.00 гадзін (перапынак на абед з 13.00 да 14.00). Выхадныя дні: субота, нядзеля.

· Новы магазін. У аграгарадку Падлессе СВК «Жарабковічы» адкрыў свой прадуктовы магазін. Вяскоўцаў вабіць багаты асартымент тавараў ад такіх папулярных вытворцаў, як Сноўскі, Бярозаўскі, Баранавіцкі мясакамбінаты, Ляхавіцкі малочны заводы, шмат іншых. Прадукцыя пастаўляецца сюды без пасрэднікаў, таму і гандлёвыя надбаўкі на яе мінімальныя. Як расказаў намеснік старшыні СВК Леанід Варвашэвіч, штодзённая выручка новага магазіна складае 11-12 мільёнаў рублёў.У планах СВК развіццё гандлёвай сеткі па ўсёй гаспадарцы. Неўзабаве плануюць адчыніць такую ж гандлёвую кропку ў вёсцы Зарытава.

· «Мая родная старонка» . Пад такой назвай у мінулую нядзелю прайшло свята вёсак Вялікая Лотва і Кавалі. Землякі віталі перадавікоў сельгасвытворчасці, воінаў-інтэрнацыяналістаў, самага маленькага вяскоўца, старэйшых жыхароў, лепшых чытачоў бібліятэкі. Словы павагі гучалі ў адрас вялікай сям’і Калоша з Кавалёў (зараз яна аб’ядноўвае 44 чалавекі). 8 сем’яў прызнаны лепшымі гаспадарамі ўласных падворкаў. Парадавалі канцэртнай праграмай вакальная група «Латаўчанка» і самадзейныя артысты Ураджайнінскага СДК. Шчыра дзякавалі вяскоўцы за дапамогу ў арганізацыі свята старшыню СВК «Шлях новы» Аляксандра Вашчука, старшыню Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандра Буйкевіча, аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў .

· ДАІ паведамляе. Колькасць аварый на мокрых, слізкіх і заснежаных дарогах павялічваецца. Як расказаў начальнік АДАІ РАУС Юрый Малевіч, ў такіх зімовых умовах вадзіцелі павінны ў абавязковым парадку «пераабуць» свае аўтамабілі: памяняць летнія шыны на зімовыя. Вадзіцелі абавязаны сачыць за змяненнямі пакрыцця дарожнага палатна, па магчымасці аб’язджаць участкі, дзе толькі што пакладзены асфальт, ёсць лужыны ці месцы, якія пакрыты снегам або лёдам. Ва ўсіх выпадках самы небяспечны варыянт — рухацца па пракладзенай іншымі транспартнымі сродкамі каляіне, а любыя рухі і манёўры на слізкай дарозе выконваць без рэзкіх паваротаў, тармажэння і пераключэння. Вадзіцелі, будзьце ўважлівымі і асцярожнымі.

· У БЕЛАРУСІ зацверджаны новы бюджэт пражытачнага мінімуму на адзін месяц у сярэднім на душу насельніцтва па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах. Перыяд дзеяння гэтага сацыяльнага нарматыву — з 1 лістапада 2012 года па 31 студзеня 2013 года.Бюджэт пражытачнага мінімуму штоквартальна зацвярджаецца ўрадам у цэнах апошняга месяца кожнага квартала (у нашым выпадку — у цэнах верасня гэтага года). Так, сёлета з 1 жніўня па 31 кастрычніка БПМ складае 843 870 рублёў. З лістапада ён будзе павышаны на 4,3% і складзе 880 030 рублёў. Адпаведна, з лістапада на 4,3% узрастуць памеры дзяржаўнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, павялічацца памеры працоўных мінімальных і сацыяльных пенсій, а таксама надбаўкі і павышэнні, устаноўленыя да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *