Сёлета ў сельгаспрадпрыемствы Ляхавіцкага раёна прыйшлі працаваць 36 маладых спецыялістаў

Маладая сям’я заатэхніка Аляксандра Мішчанкі і юрысконсульта Алены Дзябрый паспяхова працуе на ЗТАА «БелДан».

Цяпер, калі мінулі 2 гады абавязковай адпрацоўкі, успамінаецца той дзень: ва ўпраўленні райсельгасхарчу размяркоўвалі маладыя сілы па гаспадарках раёна. Тыя, хто вучыўся па накіраваннях сельгаскааператываў, дакладна ведалі, дзе іх чакаюць. А многія хваляваліся, бо хацелі трапіць у эканамічна моцныя гаспадаркі, каб, магчыма, там і замацавацца. Усе лічылі, што надзвычай пашанцавала Кацярыне Касцюкевіч, якая атрымала пасаду эканаміста ў СВК «Шлях новы», і пра яе ўжо гавораць як пра адукаванага і адказнага спецыяліста. У гэтую ж гаспадарку былі накіраваны Яўгеній Карпейчык — вядучым аграномам, Сяргей Цупа — тэхнікам-электрыкам, Раман Сарокін — галоўным энергетыкам, Таццяна Велька — заатэхнікам-селекцыянерам. Усе, як кажуць, «прыйшліся да двара». Маладыя спецыялісты забяспечаны інтэрнатам з перспектывай атрымання добраўпарадкаванага жылля ў аграгарадку Навасёлкі. Так званы сацпакет гарантуе льготныя пазыкі на будаўніцтва ці пакупку жылля (калі хто пажадае мець уласны дом), на абзавядзенне падсобнай гаспадаркай, набыццё прадметаў доўгага карыстання, а таксама на працяг вучобы на платнай аснове. Асобным радком у калектыўным дагаворы значыцца: калі малады спецыяліст пажадае будаваць жыллё за ўласныя сродкі, то будматэрыялы яму адпусцяць па льготных тарыфах, а транспарт і іншыя механізмы прапануюць бясплатна.
То чаго шукаць лепшага?! Над гэтым пытаннем задумваецца і Сяргей Зубік, які таксама сёлета атрымаў накіраванне ў СВК «Шлях новы» пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і стаў працаваць інжынерам. У маладога спецыяліста добрая зарплата, кватэра. Атрымлівае і даплату — тарыфная стаўка першага разраду, якая ўстаноўлена ў сельгаскааператыве, а пры афармленні на работу атрымаў месячны аклад.
У СВК «Жарабковічы» даўно чакалі на работу Аляксандра Новіка, Рамана Панічава, Адама Гарыбяна, Таццяну Пронька, якія родам з гэтай гаспадаркі, вучыліся па накіраваннях, сюды і вярнуліся дыпламаванымі спецыялістамі. А вось Аляксей Падрэз не тутэйшы, аднак яму ў Жарабковічах падабаецца: добрая зарплата, як і ва ўсіх — перспектыва атрымаць добраўпарадкаванае жыллё. Пакуль што большасць маладых спецыялістаў жыве з бацькамі, але ёсць дамоўленасць: створыш сям’ю — атрымаеш асабістую жылплошчу. Дарэчы, на сенняшні дзень верх узяла цяга да вучобы: многія працягваюць атрымліваць адукацыю ў ВНУ завочна. Рады маладых спецыялістаў СВК «Жарабковічы» папоўніў інжынер-электрык Андрэй Багацкі, які таксама вярнуўся ў родную гаспадарку пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Яму выплачаны «пад’ёмныя» ў размеры шасці акладаў. Штомесячна да зарплаты атрымлівае яшчэ і ўстаноўленую даплату.
Добрая ўладкаванасць на пачатку працоўнай дзейнасці — чым не падстава пусціць тут свае карані.
Гэтым маладым спецыялістам пашанцавала намнога больш, чым іх калегам, якія былі накіраваны на работу ў эканамічна слабыя сельгаспрадпрыемствы. Напрыклад, у СВК «Ліпнянка» аклад агранома-аграхіміка складае 1288980 рублёў. Цяжка сёння сказаць, ці застанецца ён тут працаваць пасля двух гадоў абавязковай адпрацоўкі…
Кадры спецыялістаў вельмі патрэбныя ў сельгаспрадпрыемствах раёна, асабліва ў СВК «Востраў-Агра», «Ліпнянка», «Тальмінавічы», «Дарава», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Як расказаў намеснік старшыні райвыканкама начальнік райсельгасхарчу Мікалай Варажун, востра адчуваецца недахоп спецыялістаў ветэрынарнай накіраванасці: ветфельчараў, ветурачоў і ветурачоў-гінеколагаў. Здавалася б, гэтыя пытанні не павінны ўзнікаць у раёне, дзе ёсць сельскагаспадарчая навучальная ўстанова, якая рыхтуе іменна такія кадры. Аднак, як зазначыў начальнік райсельгасхарчу, размеркаванне выпускнікоў, якія вучыліся на бюджэтнай аснове, узяў на сябе аблсельгасхарч. І ўсё ж тут у гэтым плане адчуваецца недастатковая работа кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія пасылаюць мала маладых людзей на вучобу ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы па мэтавых накіраваннях. А мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў гарантуе, што яны вернуцца ў гаспадарку. Зразумела, спачатку для таго, каб адпрацаваць вызначаны тэрмін, а далейшае напрамую залежыць ад таго, як іх прынялі, забяспечылі работай, што прапанавалі ў сацпакеце.
— Там, дзе зацікаўлены, каб малады спецыяліст прыжыўся, ствараюцца ўсе ўмовы для быту і працы, — выказвае сваю думку Мікалай Варажун. — Па вопыце скажу, што галоўнае — вартая зарплата, а таксама калі рабоце — рабочы час і ёсць паўнацэнныя выхадныя…
Адчувальная праблема кадраў спецыялістаў у сельскагаспадарчай вытворчасці. Да таго ж усё вастрэй не хапае работнікаў масавых прафесій, асабліва механізатараў. Мікалай Варажун расказаў, што па гэтай прычыне часам прастойвае тэхніка. Наогул, праблема існуе ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, акрамя СВК «Ляхавіцкі» і «Шлях новы». Найбольш распаўсюджаная прычына — п’янства, з-за чаго некаторыя механізатары пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі. А добрыя работнікі звальняюцца з-за нізкай зар-платы і шукаюць сваё месца пад сонцам…
У той жа час кадравая праблема вынікова вырашаецца ў жывёлагадоўлі: пасля рэканструкцыі памяшканняў, арганізацыі работы па новых тэхналогіях, будаўніцтва новых МТФ змяніліся ўмовы працы, павялічылася зарплата і многія вяскоўцы з ахвотай займаюць вакантныя месцы.
Людзі хочуць жыць і працаваць па-сучаснаму. І, несумненна, абраны курс на мадэрнізацыю вытворчасці, укараненне новых і перадавых метадаў гаспадарання будзе спрыяць вырашэнню кадравай праблемы. Пытанне толькі ў тым, хто хутчэй да гэтага прыйдзе.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *